Прэзэнтацыя тэлепраекту MTV у Беларусі прайшла безь вялікай помпы. У суботу 15 кастрычніка на вялікім экране на сталічным Кастрычніцкім пляцы канал упершыню выйшаў у этэр. Насуперак абяцаньням, што вяшчаньне будзе весьціся па-беларуску, чулася балбатня расейскамоўнага ві-джэя ды дэманстраваліся расейскамоўныя застаўкі.
Вяшчаньне пачалося кліпам «Аляксандры і Канстанціна», затым прагучалі «Стокс», «Нео» і «Синица». Удзельнікі апошніх дзьвюх груп адмыслова прыехалі на плошчу ды здымаліся на фоне экрану, на якім трансьляваліся іх кліпы. Паводле слоў намесьніка галоўнага рэдактара беларускага MTV Валіка Грышка, канал будзе падтрымліваць музыкаў, якія сьмела экспэрымэнтуюць і робяць цікавую музыку. На пытаньне наконт ратацыі выканаўцаў з т.зв. «чорнага сьпісу» Грышко не адказаў.
Прычынай таго, што на канале пакуль адсутнічае беларуская мова, намесьнік рэдактара назваў тое, што маўленьне ві-джэяў (Ночэ і Каці) пакідае жадаць лепшага. У тэлеэтэры канал мусіць зьявіцца ў лістападзе, але на пачатку працы каналу адсотак уласнага вяшчаньня будзе мізэрным: 30-сэкундная праграма «No content» (аналяг «No comments» на «Euronews»), прысьвечаная клюбнай культуры Менску.
Паступова плянуецца ўстаўляць у сетку вяшчаньня «MTV у Расеі» блёкі навін і агляды сусьветных музычных падзей. Будуць і беларускія кліпы. Апроч таго, кіраўніцтва каналу яшчэ некалькі месяцаў таму абвясьціла пра папярэднюю дамоўленасьць з «MTV у Расеі» на экспарт беларускіх кліпаў у расейскую сетку вяшчаньня. Найлепшы, паводле вынікаў галасаваньня, беларускі кліп кожнага месяца ўбачыць больш як 70-мільённая аўдыторыя.
Каментары