Гісторыя1919

Пяць фактаў пра Ота фон Бісмарка, які імпануе Макею

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прызнаўся, што з палітыкаў яму найбольш імпануе Ота фон Бісмарк, канцлер Германскай імперыі. Чым жа нямецкі канцлер прывабіў Макея?

Стваральнік Другога Рэйха

На працягу сваёй гісторыі Германія пераважна з’яўлялася раздробленай краінай. Вінаватай у тым лічылі эліту, якая не магла аб’яднацца, і зайздрослівых суседзяў. Адзіным выключэннем з’яўляўся пачатковы перыяд існавання Святой Рымскай імперыі (Х – ХІ стагоддзі), калі гэта дзяржава з’яўлялася адной з самых магутных у Еўропе. Гэты час немцы называлі Першым Рэйхам.

Бісмарк здолеў далучыць да Прусіі іншыя нямецкія тэрыторыі. Спярша ў Паўночнанямецкі саюз, потым — у Германскую імперыю. Пазней новую дзяржаву пачалі называць Другім Рэйхам. А немцы ўпершыню за доўгі час сталі лічыць сябе вялікай нацыяй.

Прыхільнік моцнай арміі

Папярэднікі Бісмарка імкнуліся аб’яднаць краіну мірнымі сродкамі. Таму ў Прусіі мелася невялікая рэгулярная армія. Бісмарк здолеў правесці рэформу. Склад арміі падвоіўся, істотна павялічваўся вайсковы бюджэт.

Зразумела, палітык выкарыстоўваў і дыпламатычныя сродкі. Але калі не ўдавалася, даваў свабоду ваенным. Праводзячы палітыку «жалезам і крывёю», Прусія захапіла Шлезвіг-Гальштэйн, які тады належаў Даніі (цяпер нямецкая федэральная зямля). Пасля перамагла Аўстрыю і далучыла да сябе паўночнанямецкія землі. Потым разграміла Францыю і завалодала поўднем сучаснай Германіі. Прычым Бісмарк знаходзіўся ў складзе войска ва ўсіх канфліктах.

Мэта апраўдвае сродкі

Бісмарк ніколі не абцяжарваў сябе сумненнямі ў этычнасці сваіх учынкаў. Калі дэпутаты прускага парламента адмовіліся выдаткаваць грошы на вайсковую рэформу, Бісмарк увёў антыканстытуцыйныя падаткі. А потым наогул распусціў парламент.

Іншым прыкладам стала Эмская дэпеша, якую Бісмарк атрымаў ад прускага караля. У ёй сцвярджалася, што Прусія будзе працягваць перамовы з Францыяй, сваёй суперніцай. Бісмарк скараціў тэкст, які набыў адмоўны катэгарычны характар. Дэпеша стала падставай для пачатку вайны.

«Сябра» Расіі

Тры гады, з 1859 да 1862 Бісмарк з’яўляўся паслом Прусіі ў Расійскай імперыі. Ён вывучыў расейскую мову, ведаў усю расійскую эліту і нават сябраваў з канцлерам Гарчаковым (аднакласнікам Пушкіна па Царскасельскім ліцэі).

Бісмарк не давяраў краінам, якія ўжо ў ХІХ стагоддзі можна назваць краінамі заходняй дэмакратыі (Францыі, якая ў 1870-м канчаткова стала рэспублікай, і Англіі, дзе ўлада караля была абмежавана). Прычына простая – яны супраціўляліся ўзвышэнню Германіі.

Бісмарк пабойваўся магутнасці Расіі, але імкнуўся стварыць з ёй саюз і заклікаў нямецкую эліту не сварыцца з расейскім мядзведзем.

Працаголік. Асабістае жыццё – на другім плане

Галоўнай справай у жыцці Бісмарка была палітыка. Таму Іаганна фон Путкамер увайшла ў гісторыю толькі як клапатлівая жонка і маці трох дзяцей канцлера. Але ў жыцці Бісмарка быў раман з рускай княжной Кацярынай Арловай (Кэці), з якой Ота пазнаёміўся якраз перад сваім прызначэннем на пасаду міністра-прэзідэнта Прусіі. Але палітычныя рэаліі ХІХ стагоддзя зрабілі іх раман і нават сустрэчы немагчымымі. Калі Бісмарк памёр, згодна з яго запаветам з усіх узнагарод у магілу паклалі толькі бірульку з надпісам Kathi і партсігар, у якім захоўваў яе падарунак – галінку з аліўкавага дрэва.

* * *

Дзяржаўнік. Сілавік. Пры гэтым дыпламат, які, калі трэба, аддае перавагу сілавому рашэнню канфлікту. Палітык, які ўлічвае інтарэсы Расіі.

Каментары19

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы6

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы

Усе навіны →
Усе навіны

Да чэмпіянату свету па фехтаванні дапусцілі нават «нейтральных» расійскіх афіцэраў3

Самую дарагую мінскую кватэру ў чэрвені купілі ў «Доме Чыжа»4

Беларусам паабяцалі паказаць па тэлебачанні Лігу чэмпіёнаў3

Сабаленка выйшла ў паўфінал Уімблдона, ледзь не асароміўшыся ў матчы са 104-й ракеткай свету2

Брату Ігара Лосіка вынеслі прысуд па справе «Беларускага Гаюна»1

Сабаленка стане другой у гісторыі тэнісісткай, якая набрала больш за 12 000 рэйтынгавых балаў5

Кныровіч расказаў, чаму былы дырэктар аршанскіх заводаў пасля вызвалення пайшоў ваяваць за Расію, дзе і загінуў12

Германія заявіла пра лазерную атаку Кітая на яе самалёт у Чырвоным моры1

Сто гадоў таму святар-беларус трапіў у Польшчу па абмене палітвязнямі. Цяпер беларусы адшукалі яго магілу2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы6

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць