Меркаванні

Ляпісы-матрошкі і Ляпісы сьвятлá

У Ляпісаў новы альбом і новы вобраз – празорцаў, а зь ім – чарговая карэкцыя аўдыторыі. На гэты раз запішыце й мяне. Дзьве песьні, складзеныя, нібыта, яшчэ да ўсіх майданаў, тым ня менш, сталі дакладным тлумачэньнем сёньняшніх падзей – на Майдане, у Крыме, ва Ўкраіне, у Расеі, у нас, у галовах…

Як гэта заўсёды бывае, рабы падзяліліся на тых, што змагаюцца за сваю волю, і тых, што бароняць сваё рабства. Воіны сьвятла паляць шыны і супрацьстаяць драпежнаму бэркуту, зь імі Хрыстос і Гагарын – гэта з аднаго боку. З другога – ашалелы вар'ят Ленін зь сякерай і бяздумнай прагай рэваншу, матрошкі-уркі і матрошкі-шахідкі, матрошкі-вэтэраны НКВД і матрошкі-цітушкі… У Ляпісаў яны так і прадстаўленыя ў дзьвюх песьнях, у двух кліпах, якія можна глядзець замест камэнтароў адпаведна на каналах «Громадське» і «Россия24».

Цой, які зьяўляецца ў «Воінах сьвятла» недвухсэнсоўна паказвае, што гэтая песьня – «Перамен-2» – праз 25 гадоў, а тое, што мы назіраем навокал – працэс дараспаду СССР, даразлажэньня саўка і рэваншу камунізму.

Было ў мінулым стагодзьдзі дзьве бяды – фашызм і камунізм. І спаборнічалі яны міжсобку ў тым, хто болей народу загоніць у магілу.

Пад якімі лёзунгамі – ня так і важна, калі маеш вынік – мільёны трупаў. Але потым счапіліся яны адно з адным і камунізм перамог. Над фашызмам быў суд, Нюрнбэрг, чалавецтва асудзіла забойцаў. А камунізм тым часам застаўся жыць да старасьці. Калі развальваўся СССР, шмат было размоваў пра тое, што камунізм нічым ня лепшы за фашызм і таму трэба правесьці суд над камунізмам. Але на тое не хапіла ні волі, ні рашучасьці новай расейскай улады. І самае галоўнае, аказалася, што камунізм (ці фашызм – цяпер гэта ўжо даўно ня важна), як абуджэньне нізкіх інстынктаў натоўпу – гэта адзіны спосаб утрымаць ад далейшага распаду ўжо не СССР, а Расею – вялізную і бязладную, нічым толкам не аб'яднаную не краіну нават, а шостую ці сёмую частку ўсёй Зямлі.

Словам, суду не было. Яшчэ многіх спыняла шматаблічнасьць камунізму, тое, што гэтым словам называлі як чорнае, так і белае.

А як судзіць хіпі ў майцы з партрэтам Мао? Ці – дабрадушнага фаната Чэ? Нам казалі, што камунізм – гэта любоў, гэта для ўсіх, гэта амаль той самы хрысьціянскі дэкалёг.

Фашызм судзіць было прасьцей, бо ён ніколі не апранаўся ў маскі любові, свабоды, плюралізму… Камунізм быццам сам нараджаў сваіх «воінаў сьвятла» – Паўку Карчагіна, Міколку-паравоза і маладагвардзейцаў. Іх судзіць няма як. Але што рабіць з «Чорнай кнігай камунізму» – 100 мільёнаў ахвяраў па ўсім сьвеце?

Цяпер гэта гучыць дзіўна, але калі Пуцін толькі прыйшоў да ўлады, ён сказаў аднойчы, што галоўная задача Расеі – пазбавіцца ад імпэрскасьці. У прынцыпе гэта і мог быць суд над камунізмам – паставіць НКВД на месца, правесьці люстрацыю, і выклікаць усенародны сорам за мільёны ахвяраў, даносаў і ўсяго таго паскудзтва, якое рабіла савецкая Раша. Гэта й было б пазбаўленьнем ад імпэрскасьці.

Але адначасова гэта было б і канцом імпэрыі, канцом Расеі, якая яна ёсьць. А на такую рэформу ў Пуціна пры ўсім жаданьні, калі такое й было, не хапіла ні характару, ні фантазіі.

Суду над камунізмам не адбылося, ён застаўся пры ўладзе, прызнаны сьветам і як бы нават увесь такі белы і пушысты, зусім як бы й ня злодзей (бо суду ж не было), а таму як бы яшчэ й пакрыўджаны гэтымі аднятымі тэрыторыямі і звужанымі ўплывамі. Ну проста безь віны пакараны. Так не гадзіцца! Мы, панімаеш, сьвет ад фашызму ўратавалі, а замест падзякі нам – гвалт над рускамоўнымі…

Заўважце, як мова раптам аказалася прычынай усіх прычын. І не аказалася, а заўжды была.

І што нам усё жыцьцё вешалі локшыны на вушы, маўляў, мова не галоўнае, сьпярша эканоміка, каўбасу давай – чаго вартая гэтая прапаганда, калі новая кроў пралілася не за эканоміку і нават не за тэрыторыю, а за мову, якая з аднаго боку ўвасабляе свабоду і воінаў сьвятла, а з другога – рабства і матрошку.

Здавалася б, глупства ў наш час казаць пра камунізм і пра Леніна. Але ж менавіта помнік Леніну завалілі ў Кіеве воіны сьвятла. І менавіта помнік Леніну выйшлі ў Данецку бараніць матрошкі-цітушкі. Творчы розум дапытліва шукае новых, адпаведных часу вобразаў і словаў, у якіх сёньня хаваецца рэванш камунізму, рабства і русіфікацыі. Назваць саўком тых, хто таксама сядзіць у фэйсбуку, быццам бы неадэкватна, хоць па сутнасьці яно тое самае. Украіна намацала гэтае слова – цітушка. Ляпіс падключыў да Ўкраіны ўсю вялікую Рашу і атрымалася – матрошка.

Пасьля распаду СССР мінула амаль чвэрць стагодзьдзя і мы цяпер бачым новую фазу гэтага распаду, якая аб’ектыўна мусіць завершыцца расейскім Нюрнбэргам.

Сутнасьць працэсу ў гэтым – мусіць быць злоўлены шалёны Ленін зь сякерай, злачынец мусіць быць аддадзены суду.

Так, як гэта адбылося ў Нямеччыне, што пасьля суду стала агульнапрызнанай у сьвеце найлепшай краінай для жыцьця.

З украінскіх падзей пачалося гістарычнае 21-е стагодзьдзе. І так, як мы жылі дагэтуль, мы ўжо ніколі жыць ня будзем. І кожны дзень будзе прыносіць усё больш нечаканыя навіны, якія рацыянальным розумам прадбачыць немагчыма. Хіба што гэта будуць прадказаньні творцаў, якія самі робяцца ўдзельнікамі і інсьпіратарамі падзей, таго самага Ляпіса, які неўзабаве выправіцца з канцэртамі ў Харкаў, Данецк і Севастопаль.

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі1

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Журналіст Анджэй Пачобут перанёс у турме аперацыю па выдаленні язваў на скуры. Ён пакутуе на гіпертанію і арытмію

Памерла прыматолаг Джэйн Гудол. Яна змяніла нашы ўяўленні пра шымпанзэ

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?14

Орбан даў нечаканы адказ пра Расію пасля пытання журналіста6

Прэм'ер Албаніі тонка пакпіў з Трампа3

Спроба аштрафаваць беспілотнае аўто за незаконны разварот паставіла амерыканскую паліцыю ў тупік

Распрацоўшчык Сhat GPT стаў самым дарагім стартапам у свеце1

У беларускіх санаторыях будзе праходзіць рэабілітацыя расійскіх удзельнікаў вайны з Украінай5

«Белавія» адкрыла продаж квіткоў на Шры-Ланку. Колькі каштуюць?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі1

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць