Фармаколагі сцвярджаюць, што вынайшлі першы прэпарат ад хваробы Альцгеймера
Вынікі першых выпрабаванняў лекаў перавысілі чаканні.

Выпрабаванні новага прэпарату кампаніі Biogen Idec пад назвай адуканумаб на 166 пацыентах даюць надзею хворым на Альцгеймера, распавядае Forbes.
Прэпарат па выніках першых выпрабаванняў значна скараціў колькасць атэрасклератычных бляшак у сасудах галаўнога мозгу пацыентаў і запаволіў пагаршэнне кагнітыўных функцый.
Пацыентам прызначаліся выпадковыя дозы лекаў, таксама даваліся «пустышкі», каб адсеяць эфект Плацэба (выпадак, калі пацыент кажа аб паляпшэнні стану за кошт адной толькі веры ў лекі).
Тыя, хто прымалі «пустышку», за год заўважна пагоршылі свае вынікі ў кагнітыўных тэстах (на 2-3 балы па 30-бальнай шкале). Тыя жа, хто прымаў сапраўдны прэпарат, за год «развучыліся» менш. Пры гэтым чым большай была доза, тым лепшымі былі вынікі.
Лекары чакалі зніжэнне эфекту хваробы Альцгеймера на 20-30%, але ў першых выпрабаваннях эфекты паслаблі на 70%.
У лекаў выяўленыя і пабочныя эфекты, сярод якіх анамаліі, што могуць прывесці да ацёку мозгу. Як сцвярджае Biogen, ацёк не выклікае сімптомаў і можа змяншацца са змяншэннем дозы, але большасць лекараў лічыць такі эфект непрымальным.
Выпрабаванні адуканумабу будуць працягвацца, больш маштабныя тэсты кампанія плануе правесці ўжо ў гэтым годзе.
Адуканумаб ёсць першым прэпаратам, які паказаў эфект адначасова і ва ўплыве на сасуды галаўнога мозгу, і ў запавольванні страты кагнітыўных функцый.
***
Часцей за ўсё ад хваробы Альцгеймера церпяць старэйшыя за 65 год. На 2010 год колькасць хворых на Альцгеймера ацэньвалася ў 21-35 млн чалавек па ўсім свеце. Пасля пастаноўкі дыягназу хворы пражывае ў сярэднем 7 год.
Сярод сімптомаў на ранняй стадыі расстройства кароткачасовай памяці, з цягам часу хворы губляе і доўгачасовую памяць, арыентацыю ў прасторы, здольнасць звязана размаўляць, не можа даглядаць за сабой.
Прычыны хваробы на сёння да канца не даследаваныя, сучасныя метады лекавання могуць адно змякчаць сімптомы.
Каментары