Усяго патроху3838

Ася Паплаўская пахавала Вільню? «Гэта проста смешна!»

Тэкст Асі Паплаўскай на Kyky.org з правакацыйным загалоўкам «Вільня памерла. Чаму прыйшоў час перастаць ездзіць туды на выхадныя» выклікаў буру сарказму ў фэйсбуку.

Фота kyky.org

Калі коратка, то Ася паехала на выхадныя ў Вільню з чалавекам, які раней ніколі там не быў. Задача была звышпрыемная — адарвацца па поўнай, адчуць атмасферу горада, які для многіх беларусаў як родны, параўнаць яго з Мінскам і напісаць пра гэта. Але параўнання неяк не выйшла. Дакладней, выйшла, што Мінск жывы, а Вільня «хутчэй мёртвая, чым жывая».

Выснову такую яна робіць, адзначыўшы для сябе пяць пунктаў.

  1. Каракулі на сценах, зробленыя бязрукімі псеўдаграфіцістамі, ніхто не замалёўвае.
  2. Муры ў Вільні абшарпаныя, плітка абабітая.
  3. Скрозь — бруд і смецце.
  4. У горадзе Ася са сваім спадарожнікам не адшукала ні нашай Зыбіцкай, ні нашай Кастрычніцкай. А ў піўным бары, куды яны збіраліся зайсці, адпачывалі мужчыны і жанчыны «за 40».
  5. Замест крутых музычных гуртоў на вуліцы сустрэліся толькі некалькі пенсіянераў з гармонікамі.

Ася пускаецца прыгадваць, як на вуліцах Вільні яна з сябрамі гадоў пяць таму весела бавіла час, але заканчвае несуцяшальным «няма таго, што раньш было».

Бачыць яна толькі адзін светлы прамень у гэтай дэпрэсіўнай цемры — сабак, якіх вельмі любяць віленчукі. Але і гэты прамень у далейшых высновах аўтаркі хутка блякне.

«Сабакі, як і пашарпаныя сцены — літаральна на кожным кроку. Мы нават вывелі сярэдні партрэт жыхара Вільні — гэта чалавек, які на выгляд не адрозніваецца ад мінчука на Карла Маркса або Зыбіцкай. Але ў яго ў руках — скрабок, каб абдзіраць тынкоўку са сцен, балончык з фарбай, каб самавыражацца, а на ланцужку — сабака. Пакуль гаспадар караскаецца на дарожны знак, каб напісаць нешта важнае, сабака стаіць «на варце». Калі і гэтага бракуе для самавыражэння, заўсёды можна прыйсці на Зарэчча, усталяваць на беразе ручая каменны чэлес, камень на палцы ці яшчэ якую-небудзь іржавую хрэнь. А менчукі будуць прыязджаць, глядзець на інсталяцыі і спрабаваць зразумець іх таемны сэнс…».

І заканчвае Ася свой расповед пра Вільню сустрэчай з «путанамі», на якіх яна натрапіла са сваім спадарожнікам па дарозе на вакзал перад самым ад’ездам.

R.I.P Вільня

Пасля з'яўлення тэкста Фэйсбук выбухнуў сарказмам. Усе дружна хаваюць Вільню, пытаюцца, калі паніхіда і сыплюць прапановамі, што так можна пахаваць яшчэ.

«Давайце ўспрымаць гэты тэкст як камплімент Мінску, а не руйнаванне Вільні»

Фота са старонкі Асі ў Фэйсбуку.

Сама Ася нападак не разумее, лічыць іх беспадстаўнымі. Яна і не думала хаваць Вільню.

«Я не ведаю, аб чым думаюць тыя людзі, якія зрабілі выснову, што, па маіх словах, Вільня ўжо зусім не жыве, — каментуе Ася. — Я зрабіла выснову выключна аб тым, што таго начнога жыцця, якое віравала ў Вільні, я не пабачыла. Гэта абсалютна тыповы трэвэл-тэкст, маё асабістае меркаванне, а не экспертнае. Мне падаецца, гэта абсалютна відавочна.

З Вільняй усё выдатна, жыццё ў ёй віруе, проста я зрабіла ўхіл менавіта на начное жыццё. Раней, блукаючы па тых жа вуліцах і заходзячы ў тыя ж кавярні, я бачыла зусім іншую карціну. Гэта не кепска, не добра, проста сёння так ёсць. А пра тое, што ў Вільні сёння шмат жыцця, я не толькі здагадваюся, я ведаю».

Ася раіць зазірнуць у яе блог і пачытаць пост пра Вільню — іншы тэкст, у якім яна гаворыць пра тое, што ў сонечны восеньскі дзень шпацыраваць па Вільні — вялікая асалода. Там шмат цікавых гістарычных месцаў, прыязных людзей.

«Гэты ж тэкст варта ўспрымаць збольшага не як спробу пахаваць Вільню, а як спробу сказаць, што сённяшні начны Мінск нашмат больш жывы і цікавы, чым гэта было пяць гадоў таму, — упэўнівае Ася. — Тады мы вымушаныя былі з’язджаць у Вільню, каб весела пабавіць час. Сёння нам не трэба нікуды ехаць. Мы можам весела бавіць час у Мінску. Тут адкрылася сапраўды шмат цікавых моладзевых устаноў, месцаў, дзе можна адчуваць сябе свабодна, дзе можна апынуцца ў цікавай кампаніі. Таму давайце будзем успрымаць гэты тэкст як камплімент Мінску, а не руйнаванне Вільні».

Каментары38

Цяпер чытаюць

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Усе навіны →
Усе навіны

Шрайбман: Цяперашнія канфлікты ў апазіцыі ўжо мала каго цікавяць14

Работнікі МНС выратавалі на пажары сабаку і ката, а потым зрабілі ім штучнае дыханне

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

14-гадовая Віка адмовіла ў сэксе — і гэта стала прычынай панажоўшчыны, у якой загінулі чацвёра падлеткаў у Байкальску11

На бетонным заводзе ў Гомелі загінуў кіроўца цэментавоза

«Тыдзень у Бразіліі, дзе цябе абрабуюць, або два тыдні ў бяспечнай Беларусі». Па што замежнікі едуць у нашу краіну6

Украіна атакавала тэхнапарк і завод па вытворчасці беспілотнікаў у Падмаскоўі1

Беларусь пераносіць вучэнні «Захад-2025» з заходніх межаў углыб краіны18

У назвах станцый метро на выхадах з падземкі зніклі некаторыя літары1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць