Паводле экзіт-полаў, цяперашні прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон апярэджвае сваю галоўную канкурэнтку з ультраправай партыі Народны фронт Марын Ле Пэн амаль на 5%. Як паведамляе Figaro, экзіт-пол, праведзены Ifop-Fiducial, сведчыць, што Эманюэль Макрон атрымаў 28,6% галасоў у першым туры, а Ле Пэн — 23,9%.

Амаль ушчыльную да Ле Пэн наблізіўся ультралевы кандыдат ад «Няскоранай Францыі» Жан-Люк Меланшон — экзіт-пол дае яму 20,2%. Затое вынік прыязнага да Пуціна ультраправага кандыдата Эрыка Земура аказаўся скандальна нізкім — палітык, які доўгі час прэтэндаваў на выхад у другі тур, набраў толькі 6,8%.
Напярэдадні завяршэння галасавання бельгійскія СМІ апублікавалі скандальныя звесткі экзіт-полаў. Звычайна ў Бельгіі гэтыя дадзеныя публікуюць раней — бо ў Францыі дадзеныя экзіт-полаў можна апублікаваць толькі пасля закрыцця участкаў.
Апублікаваныя дадзеныя сведчылі, што Макрон і Ле Пен павінны былі атрымаць аднолькавую колькасць галасоў — па 24%.
Папярэдняе апытанне прагназавала Макрону ў другім туры перамогу над Ле Пэн з паказчыкам 53% супраць 47%. Прытым паводле гэтага самага апытання ў першым туры Макрон павінен быў атрымаць 28%, а Ле Пэн — 23%.
Каментары