Меркаванні44

Драпежныя рэчы ХХІ стагоддзя

Тое, што героі Стругацкіх называлі зняважлівым словам «слег», мы сёння называем «віртуальнай рэальнасцю». Піша Віталь Тарас.

Тое, што героі Стругацкіх называлі зняважлівым словам «слег», мы сёння называем «віртуальнай рэальнасцю». Піша Віталь Тарас.

Канцавая станцыя прагрэсу

Кажуць, білеты на стэрэаверсію «Аватара» ў мінскім кінатэатры «Кіеў»выкупленыя на месяц наперад. Можа стацца, пачаткам ХХІ стагоддзя будучыя гісторыкі будуць лічыць не тэрарыстычную атаку на WTC у Нью‑Ёрку 11 верасня 2001 года, але рубеж 2009—2010 гадоў, калі ў пракат выйшаў галівудскі блакбастэр Джэймса Кэмерана. Гэта не толькі цуд камп’ютарнай тэхнікі на мяжы фантастыкі, але і сапраўдны трыумф глабалізму.

Днямі ўлады КНР знялі «Аватар» з кінапракату, каб ён не ствараў канкурэнцыі кітайскай кінапрадукцыі. Дарэчы, некаторыя кітайцы ўгледзелі ў фільме пра планету Пандора адлюстраванне жыллёвых праблем у перанаселеных кватэрах Паднябеснай. Напрыклад, эпізод, дзе пандорскія тубыльцы спяць у гамаках…

За пару месяцаў пракату ў свеце «Аватар» сабраў 1,8 мільярда даляраў. Відаць, барацьба з глабальным крызісам паспяхова завершылася. Чалавецтва прыбывае на канцавую станцыю «Аватар».

Вышэй за ўсіх кінакрытыкаў і культуролагаў у свеце шэдэўр ацанілі расійскія камуністы. Дакладней — Цэнтральны Камітэт камуністаў Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, які пад уражаннем ад убачанага прыняў спецыяльную заяву. Ніводзін фантаст не здолеў бы выдумаць падобны дакумент.

Аватары ўсіх краін, яднайцеся!

Аўтары заявы сцёрлі мяжу між фантастыкай і рэальнасцю.

«Фільм Кэмерана — частка езуіцкага плана адміністрацыі Абамы ў фармаванні вобраза добрага дзядзечкі Сэма… Кэмеран… перанёс дзеянне свайго прымітыўнага прапагандысцкага фільма ў створаны А. і Б. Стругацкімі свет планеты Пандора. Гэтая планета была адкрытая і палітая крывёй савецкіх касманаўтаў (!)… Кэмеран… пасылае ў космас зухаватага дэсантніка — забойцу і прыгнятальніка Ірака, Югаславіі, Афганістана, Гаіці і Самалі… Біёлаг‑нацыст Сігурні Уівер яскрава дэманструе мэты рэформы амерыканскай сістэмы аховы здароўя, якую праводзіць адміністрацыя Абамы…»

Ці трэба казаць, што на завяршэнне свайго гуманнага паслання «камунары»заклікаюць арыштаваць рэжысёра фільма.

Антыўтопію — ў жыццё

Адначасова ў расійскім інтэрнэце з’явілася інфармацыя, быццам Барыс Стругацкі абвінаваціў аўтараў «Аватара» ў плагіяце. Пісьменнік публічна абверг недарэчную выдумку. Ніякіх перасячэнняў, апроч супадзення ў назве планеты, паміж сцэнаром амерыканскай стужкі і старой аповесцю братоў Стругацкіх «Святло поўдня. ХХІІ стагоддзе» няма.

Творчасць камуністаў Ленвобласці сапраўды выклікае ў памяці творы Аркадзя і Барыса Стругацкіх — але не тыя, дзе перамагаюць «ідэалы сацыялізму», а сатырычныя. Напрыклад, «Казка пра тройку» з такім персанажам, як дэмагог Хлебаўводаў. Або апавяданне пра тое, як савецкі крытык зарэзаў кнігу маладога фантаста на той падставе, што яе героі лётаюць на касмалёце з хуткасцю, вышэйшай за хуткасць святла. Паколькі гэта абвяргае пастулат Альберта Эйнштэйна, а Эйнштэйн у свой час быў вымушаны эміграваць з нацысцкай Германіі, крытык зрабіў выснову, што аўтар кнігі — фашыст. Падобная логіка прысутнічае ў развагах цяперашніх крытыкаў‑камуністаў.

Яшчэ ў 1960‑я на змену тыпова савецкай фантастыцы кшталту «Краіны барвовых хмараў» у творчасць Стругацкіх прыйшло тое, што яны самі назвалі «фантастыкай блізкага прыцэлу». Напрыклад, аповесць «Драпежныя рэчы ХХ стагоддзя», якую Барыс Стругацкі нядаўна назваў адным з самых прароцкіх сваіх твораў. У кніжцы братам (Аркадзь Стругацкі памёр некалькі гадоў таму) удалося ўгадаць «шлях чалавецтва на бліжэйшыя дзесяцігоддзі, шлях да постіндустрыяльнага грамадства, грамадства спажывання».

Аўтары лічылі, што пішуць антыўтопію, апісваюць зусім гнюсны свет. Але тое, што героі кнігі называюць зняважлівым, пахабным, паводле задумкі аўтараў, словам «слег», сёння мы называем «інтэрнэтам», «экстазі», «віртуальнай рэальнасцю». А слова «слягач» лёгка замяніць словам «блогер».

Пах будучыні

Фантаст і філосаф Барыс Стругацкі лічыць, што будучыню прадказаць немагчыма. «Можна прадказаць дух будучыні, як Уэлс прадказаў дух ХХ стагоддзя, — упэўнены ён. — Але гэта аўра, гэта міраж, ніякіх дэталяў, ніякай канкрэтыкі. Як жыхары амазонскіх джунгляў нічога не могуць сказаць пра свет сучаснай цывілізацыі. Хай нават яны сустракаюцца з асобнымі еўрапейцамі, хай нават яны бачаць тэлевізар, самалёт, але скласці хоць нейкае ўяўленне пра тое, які ж ён, гэты свет — яны не змогуць».

У тым самым інтэрв’ю прагучаў маленькі фрагмент запісаў, зробленых братамі Стругацкімі на пачатку 1960‑х. Толькі‑толькі скончылася хрушчоўская «адліга». Яшчэ наперадзе працэс дысідэнтаў Сіняўскага і Даніэля, суд над Іосіфам Бродскім, якога абвесцяць «дармаедам», уварванне савецкіх танкаў у Чэхаславакію. Але вось пра што думалі літаратары‑фантасты ў 1963 годзе: «Не трэба надзей на светлую будучыню. Намі кіруюць жлабы і ворагі культуры… Яны заўсёды будуць супраць нас. Яны ніколі не дазволяць нам казаць тое, што мы лічым слушным…»

Што‑небудзь істотна змянілася за пяцьдзесят гадоў? Прынамсі, «аўра», «дух» засталіся, як у ХХ стагоддзі.

Заява пецярбургскіх камуністаў нагадвае трызненне. Чалавецтва, паводле Маркса, смяецца, развітваючыся са сваім мінулым. А нядаўні заклік мінскіх камуністаў аднавіць помнік Сталіну ў сталіцы Беларусі — таксама смешнае трызненне? Ці прагноз на бліжэйшую будучыню? А можа, мы проста яшчэ не выйшлі з джунгляў? Хоць ужо маем магчымасць глядзець «Аватар» у 3D‑фармаце.

Віталь Тарас

Каментары4

Цяпер чытаюць

Фоты з Масквы даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму15

Фоты з Масквы даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму

Усе навіны →
Усе навіны

Блішч зрабіў эфектныя ФОТЫ Драздоў — такімі вы іх не бачылі18

Цягнік сышоў з рэек і згарэў на мяжы з Беларуссю ў Смаленскай вобласці4

З Акадэміі музыкі звольнілі першага прарэктара Юрыя Караева2

У школе Брэста адзін хлопец ударыў другога па нагах. Яго маці пайшла ў суд — хоча 1000 рублёў за маральную шкоду14

У выніку атакі дронаў адбыўся пажар на НПЗ у Краснадарскім краі2

Выбраныя талісманы чэмпіянату свету па футболе2

Мінскі гарадскі суд не вытрымлівае нагрузкі — не паспяваюць судзіць палітвязняў22

Кіраўнік Пентагона склікае сотні генералаў з усяго свету на экстранную нараду24

«Я не збіраўся сядаць у турму». Былы ратавальнік правёў 4,5 гады ў калоніі праз дзве кінутыя бутэлькі і жменю пяску5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Фоты з Масквы даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму15

Фоты з Масквы даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць