Меркаванні55

Рыба ў чалавечы рост

У тую большую частку году, калі ў сіценскіх лясох няма ані грыбоў, ані ягадаў, ані шышак, што здаюць тутэйшаму лясьніцтву на семяно, у паспалітага люду застаецца толькі адзіны занятак, цікавы й прыбытковы адначасова. Піша Павал Севярынец.

У тую большую частку году, калі ў сіценскіх лясох няма ані грыбоў, ані ягадаў, ані шышак, што здаюць тутэйшаму лясьніцтву на семяно, у паспалітага люду застаецца толькі адзіны занятак, цікавы й прыбытковы адначасова. Рыба. Бліскучыя манэткі лускі прабліскваюць то ў траве, то ў вопратцы, то ў валасох; зімою лёд на кожнай сажалцы ў лунках; штодня размовы пра тое, ці бярэцца. Мой кот Партызан можа пацьвердзіць, што пах сьвежае рыбы канкуруе ў Сітне хіба што з пахам драўніны ды перагарам.

Сітна — месца рыбнае. Вакол лясныя азёры, рэчкі, сеткі пратокаў, ціхіх ды глыбокіх, — тысячу гадоў таму па Палаце ішла адна з галінак шляху «з варагаў у грэкі». Ловяць шчупака, ляшча, акуня, ліня; бывае, заходзіць зь Дзьвіны судак. У азёрах шыюцца ў глей залатыя карасі — вялізныя, памерам на патэльню. І хоць посту тут не трымаюць, рыба перад Калядамі ды пасьля Масьленіцы на стале часьцей за якое мяса.

Чым ловяць? Вядома, вуда тут — забаўка хіба што для дзяцей ды «дзеля душы» (калі галоўнае — сам працэс). Гарадзкія, што прыяжджаюць адпачываць з Полацку, зазвычай бяруць з сабою сьпінінг. Найбольш жа пашыраная снасьць — сеткі розных гатункаў. Нераты, крыгі, браднікі, «павукі». Бывае, грабуць так, што вада па Палаце сплывае ажно чорная. А калі глушаць электравудай ці выбухоўкай — ад белае лускі рабаціць уваччу. Падчас нерасту перагароджваюць гарлавіны пратокаў… Словам, браканьерства квітнее. Для любога прыхадня спроба памыць боты ў возеры ля вёскі можа скончыцца руляй паляўнічай стрэльбы з хмызьняку і камандай: «Ану, стаяць, рукі ўгору! Ты сеткі ставіў, што іх вымаць лезеш?!».

Мясцовыя мужыкі згадваюць рыбалоўныя наезды ў Расею, аддзеленую ад Беларусі толькі квартальнай прасекай, ды клянуць дзікасьць тамтэйшых інспэктараў («грошай беларускіх не бяруць, толькі гарэлку»).

У Алёшчы, Сітне ды навакольных хутарох за рыбнай юшкай вам абавязкова распавядуць гісторыю ў духу гэмінгўэеўскага «Старога і мора», пра Шчупака ў чалавечы рост, які ўсплываў то ў сіценскім Ізмоку, то ў Чарбамысьле, то вунь пад самым мостам цераз Палату і важыў то 10 кг, то пуд, а то і паўтара. Гэткая адвечная чалавечая мара. «Во! — паказваюць, — трымалі, падымалі, — мераюць зь сябе ростам, — во такі!!!».

Раскажуць, як цягнулі з усяе сілы, да сутаргаў, як лёска ў кроў рэзала далоні. Як ірвалася, шалёна білася гіганцкая рыбіна, як ледзь не звалакла з сабою ў ваду, як шчэрыла зубы, і хапала паветра, і зяхала, і павольна засынала на беразе.

Дзесьці агромністага шчупака секлі на кавалкі, бо не пасілелі сьцягнуць цалкам, дзесьці й гатавалі ля вады, на вогнішчы, дзесьці трыюмфальна несьлі праз усю вёску. Сага пра тое, як вяскоўцы здабывалі кожны свайго Шчупака, іх праўда вартая Гамэра. І столькі жарсьці, столькі моцы й імпэту ў тых аповедах, так загараюцца вочы, такая хватка ў рухах рук, такая сакавітая, смачная мова бруіць і віруе — што пазнаеш, пазнаеш беларуса!

Наша родная водная стыхія, у якой продкі адчувалі сябе вальней, чым на зямлі, сфармавала людзей бязьмежнае цярплівасьці, трапяткога сэрца й засяроджанага сузіраньня — нацыю на беразе ў чаканьні ўлову. Увогуле, на сур’ёзнай і нясьпешнай рыбалцы заўважаеш у роздумах ды развагах тутэйшага люду мудрасьць ды глыбіню, пільнасьць ды трапнасьць, замілаваньне й пяшчоту —усё тое, чаго не змаглі вытрусіць, вынішчыць, разбурыць у беларусе ані акупанты, ані дыктатары.

І вось тады згадваеш словы, сказаныя 2000 гадоў таму гэткім жа простым рыбаком у глухім кутку айкумэны пад чужынскім панаваньнем, нашым Госпадам Ісусам Хрыстом: «Хадземце за Мною — і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў» (Мацьвея 4:19).

Веру, што і старажытная Полаччына, і сама Беларусь яшчэ зьявяць сьвету сілу веры й волі, стоеныя ў рыбаку‑беларусу. Што ў тутэйшага люду запаляцца вочы, вернецца спрыт, гарт ды азарт Усяслава Чарадзея, Францыска Скарыны ды Лява Сапегі — і будуць яны, як вучні Хрыста, лаўцамі людзей. Звычайных людзей у чалавечы рост — такіх самых беларусаў, расейцаў, украінцаў, эўрапейцаў.

І будзе гэта тады, калі, быццам паводка, падыме ўсе шматлюдныя плыні й віры ў сэрцы Эўропы беларускае нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

Каментары5

Цяпер чытаюць

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі4

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

На могілках у Літве знайшлі выбухоўку. Польскія спецслужбы сцвярджаюць, што ГРУ рыхтавала напады ў трох краінах NATO2

Расійскія ракеты навучыліся абыходзіць Patriot: абарона Кіева слабее11

Байцы Палка Каліноўскага паказалі, як дзякуючы ўзаемавыручцы выжылі пасля ўдараў расійскіх FPV-дронаў у іх «Хамві»15

Журналіст Анджэй Пачобут перанёс у турме аперацыю па выдаленні язваў на скуры. Ён пакутуе на гіпертанію і арытмію

Памерла прыматолаг Джэйн Гудол. Яна змяніла нашы ўяўленні пра шымпанзэ

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?14

Орбан даў нечаканы адказ пра Расію пасля пытання журналіста6

Прэм'ер Албаніі тонка пакпіў з Трампа3

Спроба аштрафаваць беспілотнае аўто за незаконны разварот паставіла амерыканскую паліцыю ў тупік

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі4

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць