Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»44

Украіна перайшла цераз Майдан

На Ўкраіне як мінімум ёсьць грунт для вырашэньня палітычных калізіяў у цывілізаваных, інстытуцыйных формах. Чаго ня скажаш пра беларускую сытуацыю. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Расея вуснамі міністра Лаўрова прапанавала Ўкраіне дапамогу ў выхадзе з палітычнага крызысу. Адразу згадваецца, як Масква "дапамагла" Беларусі ў 1996-м.

Тады дэсант на чале з "цяжкавагавікам" Чарнамырдзіным выкруціў рукі прадстаўнікам Вярхоўнага Савету. Шлях да пераробкі канстытуцыі на карысьць прэзыдэнта быў адчынены. Наступствы добра вядомыя.

Увогуле ж любое параўнаньне кульгае. Сёньня некаторым нашым камэнтатарам з дэмакратычнага лягеру карціць правесьці паралель, ужыўшы занадта простую схему. Маўляў, ва ўкраінскім выпадку толькі полюсы памяняліся месцамі. У нас тады парлямэнт абараняў заваёвы дэмакратыі, а на Ўкраіне — наадварот: прагрэсіўны, вэстэрнізаваны прэзыдэнт Юшчанка праз роспуск Рады спыняе паўзучы контррэвалюцыйны пераварот прамаскоўскага рэтраграда Януковіча.

Ня тое што гэта цалкам няслушна, але насамрэч усё значна болей складана. І Юшчанка — дэмакрат умоўны, і Януковіча ня варта лічыць прарасейскім. І пра дуэль тут казаць цяжка, бо ці ня ўвесь агонь гарыць з былой "газавай прынцэсы". Увогуле ва ўкраінскай сытуацыі барацьба палітычная шчыльна пераплеценая са змаганьнем алігархічных кланаў (сымптаматычна, што скандал справакавала нібыта перакупка дэпутатаў).

Лёгка спрагназаваць, што беларускія дзяржаўныя мэдыі зноў адпіяраць украінскі крызыс па поўнай праграме. Маўляў, зараз канчаткова відно, што ад каляровых рэвалюцыяў дабра не чакай. Толькі тлум ды шкода.

Аднак ёсьць некалькі прынцыповых момантаў.

Сёньня на Ўкраіне, хай сабе і са скрыпам, функцыянуюць дэмакратычныя мэханізмы. Зараз апошняе слова будзе, бадай, ужо не за вулічным пратэстам. Вунь Цімашэнка ўжо адгаворвае сваіх прыхільнікаў ад Майдану: маўляў, гэта пройдзены этап. Высьвятленьне ж стасункаў у межах дэмакратычных працэдураў — пры ўсім тлуме, экстрыме, выкідах адрэналіну — гэта ўжо цывілізаваны шлях. Выглядае на тое, што Ўкраіна перахварэла рэвалюцыяй. Маецца шанец, што тамтэйшыя эліты разьвяжуць канфлікт бяз гвалту. Ды і ўвогуле пакрысе напрацуюць досьвед кампрамісаў. Важна тое, што за эўрапейскі вэктар выступаюць — хаця б вэрбальна — і прэзыдэнт, і прэм'ер. Так што Захад у ролі трацейскага судзьдзі мае дастаткова моцны ўплыў.

Хутчэй варта весьці гаворку пра хваробы росту яшчэ не сфармаванай украінскай дэмакратыі, лічыць менскі палітоляг Андрэй Фёдараў. Ён зьвяртае ўвагу і на такі важны момант: тамтэйшая эканоміка працуе ў дастаткова аўтаномным рэжыме, ня надта залежыць ад палітычных катавасіяў.

Сапраўды, насуперак змрочным прагнозам, яна, эканоміка, ня ляснулася ў выніку "памаранчавай рэвалюцыі". У прыватнасьці, менавіта цягам апошніх двух гадоў добра прырастае гандаль зь Беларусьсю. Рэч у тым, што там значна далей, чым у нас, прасунуліся рынкавыя рэформы. А рынак ужо сам па сабе задае іншыя парамэтры грамадзка-палітычнага жыцьця. Гэта ўжо зусім ня тое, што наша пірамідальная, замкнёная на адну асобу сыстэма. На Ўкраіне як мінімум ёсьць плюралізм і пэрспэктыва вырашэньня калізіяў разьвіцьця ў цывілізаваных, інстытуцыйных формах.

У сёньняшніх беларускіх умовах такой пэрспэктывы практычна не відно. Сытуацыя наглуха закаркаваная. І джын з пляшкі можа калі-небудзь нарабіць спраў.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі1

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Бразільскі экстрэмал з'ехаў на скейце з вышыні 22‑га паверха ВІДЭА6

Насельніцтва Мінска не расце, але паглядзіце, як прыбавілася колькасць жыхароў у Новай Баравой і іншым прыгарадзе5

ЗША анулююць візу прэзідэнту Калумбіі. Ён зараз у Нью-Ёрку1

«У капцюрох ГПУ». Стагоддзе небяспечнай наіўнасці і дарэмных мараў беларускай эміграцыі34

Навукоўцы высветлілі, чаму некаторыя людзі ніколі не займаюцца сэксам5

Лукашэнка назваў сябе трампістам21

Назвалі прычыну аварыі грузавога цягніка на Смаленшчыне3

Рыбак на Мінскім моры злавіў двух здаравезных самоў. Адзін важыў 70 кілаграмаў, другі — крыху менш2

Артура Сянько пакінулі пад вартай у ЗША. Яму па-ранейшаму пагражае дэпартацыя6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі1

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць