Архіў

Лісты ў рэдакцыю

№ 41 (250), 8 кастрычніка 2001 г.


 Лісты ў рэдакцыю

 

Свой сярод чужых

Гісторыя нічому ня вучыць, бо вучняў у яе няма. Ёсьць толькі стваральнікі і статысты, якія кіруюцца адвечнымі законамі – перамагае мацнейшы і хітрэйшы. Падзеі 9 верасьня на Беларусі і 11 верасьня ў ЗША яшчэ раз пацьвердзілі гэта. Амэрыка – дзяржава вялікая, але ці настолькі, каб разглядаць праблемы Іраку, Лібіі ці Аўганістану як свае ўласныя? Амэрыка даўно ўзяла на сябе небясспрэчную місію “сусьветнага паліцыянта”. 11 верасьня апанэнты Амэрыкі выявіліся хітрэйшымі й яшчэ раз нагадалі, што вялікія амбіцыі патрабуюць ахвяраў, а на сілу – рана ці позна – знойдзецца іншая. Тым больш, што сіла – гэта ня толькі тэхнічная, вайсковая і фінансавая моц, але і чалавечы фактар – людзі, іхная воля і перакананьні. Гэты фактар найбольш далікатны, яму не дадуць рады ракеты і бомбы, а ён вырашае лёсы народаў і дзяржаваў.

Падзеі 11 верасьня наводзяць на думку, што барацьба ідэалёгіяў ня зьнікла, а набыла толькі новыя формы. “Аднаполюсны” сьвет немагчымы, як і кій з адным канцом. Нехта воляй-няволяй заўсёды будзе з супрацьлеглага боку, у апазыцыі. Сёньня гэтае месца занялі ісламскія фундамэнталісты, авангард “трэцяга сьвету”. Вечнае супрацьстаяньне “бедныя-багатыя” набывае ня клясавыя, а цывілізацыйна-рэлігійныя абрысы. “Трэці сьвет” інтэграваўся не настолькі добра, каб “дагнаць” Захад, але дастаткова шчыльна, каб займець свае інтарэсы і пачаць іх адстойваць. “Вялікае перасяленьне народаў” дазваляе прыбышам з Блізкага Ўсходу ня толькі добра ўладкавацца, але й спазнаць слабыя месцы заходняга грамадзтва, даступіцца да ягоных жыцьцёвых цэнтраў, навучыцца выкарыстоўваць іх па сваім разуменьні. І разуменьне тое вельмі адрознае ад традыцыйных каштоўнасьцяў Захаду. Занадта навязьлівыя намаганьні разьвітых краінаў дапамагчы, навучыць і наставіць на “правільны шлях” выклікаюць варожасьць і адчужанасьць. На жаль, іншага спосабу дачыненьняў між “першым” і “трэцім” сьветам пакуль не прадбачыцца, а прыступнасьць цывілізаванага грамадзтва для тэрактаў яшчэ доўга будзе спакусай для ягоных апанэнтаў. Але што з таго Беларусі?

У новым сусьветным падзеле – тэхнагенныя дэмакратыі супраць харызматычных аўтакратыяў – апошнія маюць свае дэмаграфічныя і, магчыма, ідэалягічныя козыры (як “абаронцы“ бедных). Краіны былога сацлягеру таксама падзяліліся між двума полюсамі, і толькі Беларусь займае дзіўнае становішча: свой сярод чужых (на Ўсходзе) і чужы сярод сваіх (у Эўропе). У гэтым адна з загадак беларускай палітыкі і нашая бяда. Беларусь сур’ёзных непрыяцеляў быццам бы й ня мае, але ў беларускага прэзыдэнта іх даволі. А каб змагацца зь імі, трэба грошы, якіх так бракуе на калгасы, дарогі, лякарні, школы, заробкі ды інш. Ня толькі любімым, але і дарагім, занадта дарагім можа стаць наш прэзыдэнт.

Як тэракты зьядналі Амэрыку, так нянавісьць і злосьць непрыяцеляў множыць сілы А.Л. Дык разыдзіцеся, спадарства, расступіцеся, дайце чалавеку набыць свае звычайныя памеры! Бяз вашых падпораў – кпінаў і падколак – ён заваліцца хутчэй, чым ад самых крутых тэрактаў. Сапраўдныя ж тэракты 11 верасьня прынесьлі найвялікшую карысьць Расеі (у чачэнскім пытаньні) і найвялікшую шкоду (пасьля Аўганістану) – Беларусі. Толькі мы засталіся за рамкамі міжнароднай антытэрарыстычнай салідарнасьці і яшчэ раз пацьвердзілі свой статус апошніх савецкіх “талібаў”. Вось такія мы самабытныя, ціхія і непахісныя, і ніхто нам ня ўказ, бо мы чужыя тут і свае там, дзе нас няма.

Васіль Аўраменка

 

Мы – большасьць

Мяне зьдзівіў артыкул у “НН” ад 17 верасьня “Нас 25%“.

 

Чаму спадар аўтар, а разам зь ім і “НН”, вераць спн.Ярмошынай? Апошняя 9 верасьня адразу пасьля 20-й абвесьціла вынікі па Менску: за Лукашэнку – 75%. А я быў назіральнікам на выбарах і добра ведаю, што, напрыклад, у школе №1 Менску бюлетэні лічылі гадзіну і 20 хвілінаў. Не сакрэт, што вынікі галасаваньня па Кастрычніцкім раёне Менску падбівалі цэлую ноч і наступны дзень. Адкуль жа ўзяла лічбы Ярмошына?

А калі ўлічыць, што зьвесткам лукашэнкаўскіх камісій даверу няма?.. Назіральнікі з усіх участкаў сьцьвярджаюць, што пры падліку камісія раскладала бюлетэні на 3 стосікі, а не на 4, як трэ было. І самае важнае: ніводнаму назіральніку не далі праверыць, ці сапраўды ў стосіку за Лукашэнку ляжалі бюлетэні за Лукашэнку. Ніводзін назіральнік не пералічваў іх і нават ня бачыў, што на іх напісана.

Папраўдзе выйдзе, што НАС – 75%!!!

Алесь Радына, Менск


Каментары

Цяпер чытаюць

У Магілёве злавілі маньяка-ліфцёра, які ў 1990‑я згвалтаваў і забіў восем дзяўчат8

У Магілёве злавілі маньяка-ліфцёра, які ў 1990‑я згвалтаваў і забіў восем дзяўчат

Усе навіны →
Усе навіны

Абсурд не толькі з Баранавічамі. У Оршы таксама з’явіцца манумент «Горад працоўнай славы 1941-1945»11

Праз расійскія абстрэлы надзвычайная сітуацыя ўзнікла на Чарнобыльскай АЭС6

«Быў адключаны роўмінг, прыехала ў РБ — запазычанасць 250 рублёў». Пасля аднаго выпадку беларуска баіцца браць сімку ў ЕС6

Дзяўчына паказала, як знаёміць з Беларуссю хлопца з Ізраіля — гэтыя смешныя відэа абляцелі інтэрнэт8

Макрон выступіў супраць канфіскацыі расійскіх актываў у Еўропе6

За верасень у праекце «Горюшко» дадалося амаль 10 тысяч імён загінулых расійскіх вайскоўцаў

«Хочаш плач, хочаш не плач, сцісні зубы і нясі». Як жанчын-зняволеных прымусілі рыхтавацца да візіту высокай чыноўніцы7

Чыноўнікам, якія працягваюць працаваць, дазволілі атрымліваць пенсіі2

У Расіі плануюць істотна павялічыць імпарт беларускага бензіну6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Магілёве злавілі маньяка-ліфцёра, які ў 1990‑я згвалтаваў і забіў восем дзяўчат8

У Магілёве злавілі маньяка-ліфцёра, які ў 1990‑я згвалтаваў і забіў восем дзяўчат

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць