Лісты ў рэдакцыю
Я маю гімн
Пытаньне беларускага гімну, актуалізаванае апошнім часам, няпростае. Загадзя можна ўпэўнена цьвердзіць, што да новага гімну, які б ён ні быў, знойдзецца багата прэтэнзіяў.
Для адных ня будзе іншага варыянту, апроч гімну “другой сьвежыні” (гэтак, як расейцы стварылі сабе гімн “трэцяй сьвежыні”). Другім патрэбны толькі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі...” Трэція апантана змагацьмуцца за “Палянэз” Агінскага (ён жа – “Разьвітаньне з Радзімай”). Чацьвертыя наагул напісалі свой, новы варыянт гімну... Але навошта такое зацятае змаганьне? Гімн, як і іншая дзяржаўная сымболіка – герб і сьцяг, ёсьць нечым гістарычна ўкарэненым, “апрабаваным”. Гімн мае такую ж значнасьць, як і іншая сымболіка, – найперш гістарычную. Ніхто ж не адмаўляе гістарычнага бел-чырвона-белага сьцягу на падставе таго, што ёсьць прыгажэйшыя спалучэньні колераў! Мы выбіраем гэты сьцяг не празь ягоныя эстэтычныя вартасьці, а найперш таму, што ён гістарычны. Тое самае і з гербам “Пагоня” – таму, што ёй 700 гадоў. У такім гістарычным “спаборніцтве” варыянт “Мы выйдзем шчыльнымі радамі...” мае безумоўнае першынство перад песьняю “Магутны Божа”.
Аднак існуе твор, які далёка перасягае ўсе названыя вышэй. Твор, які выконваўся нашымі продкамі менавіта ў “гімнавай” якасьці. Гэта “Багародзіца”, якую сьпявалі воі Вялікага Княства перад бітвай. Велічнае апісаньне такога моманту – у Караткевічавым рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”:
“Усе пешыя, у латах і кальчугах, са звычайнымі і двухручнымі мячамі ў руках, з авальнымі шчытамі, у якіх былі ўпісаны шасьціканечныя крыжы, у белых плашчах, яны стаялі на бялёсай вапняковай зямлі, пад гарачым апошнім сонцам. Белыя на белым.
Увесь акаём перад імі варушыўся. І тады нехта засьпяваў старажытную “Багародзіцу”. Страсным і грубым голасам:
Пад Тваю літасьць...
Пад Тваю літасьць прыпадаем, Багародзіца Дзево,
Маленьняў нашых не адрынь
у журбе,А ад бед ізбаві нас,
Адзіна і чыстая і благаславёная.
Журботныя, празрыстыя галасы падхапілі яе, панесьлі:
На цьвярдыню Тваю мы ўпаваем, Багародзіца Дзева.
Плыў над імі, над пусташшу страсны харал. Нібы на мячах, узьнятых угору. Цягнуўся пусткаю доўгі ланцуг.
Наперадзе, моцна адарваўшыся, ішлі военачальнікі ў белых плашчах.
Яка імя Тваё!
Яка слава твая!
У апошняй мужнай і безнадзейнай тузе ўзьляталі галасы. А вочы бачылі, як вырваўся наперад слон, страшная, нібы пекла, жывая гара, як паляцела коньніца.
О ўсяпетая...
О ўсяпетая Маці,
Рождшая ўсіх сьвятых сьвяцейшае Слова.
Сёньняшняе наша прыемшы прынашэніе,
Ад усякія збаві напасьці ўсіх
І будучыя ізьмі мукі табе вапіюшчых.
Алілуя.
Алілуя!
Алілуя!!!”
З “Багародзіцай” на вуснах ішлі ў бой і Вітаўтавы палкі ў Грунвальдзкай сечы... “Багародзіца” – гэта наш сярэднявечны гімн, гэта нашая повязь зь Вялікім Княствам, з славай нашых продкаў. “Багародзіца” – гэта покліч нашае славы і ўспамін пра нашую старажытнасьць. Яна – найбольш удалы варыянт гімну, калі браць пад увагу найперш гістарычны аспэкт. Не бяды, што твор мае выразна хрысьціянскае адценьне. Пагатоў нічога дзіўнага ў гэтым для твору Сярэднявечча якраз і няма.
Аркадзь Шанскі, Менск
Ад рэдакцыі: умовы конкурсу гімнаў
Cталі вядомыя ўмовы конкурсу гімнаў. Даслаць у камісію свае варыянты гімну можна ад 22 студзеня да 10 сакавіка 2002 г. Паколькі конкурс ананімны, у канвэрт разам з тэкстам альбо нотамі (ці тэкстам і нотамі) укладаецца заклеены канвэрт з укладзенымі ў сярэдзіну яго каардынатамі аўтара. Каб потым можна было знайсьці аўтара, на абедзьвюх капэртах трэба напісаць свой дэвіз. Напрыклад, “Рагнеда” або “Зубр”. Дасылаць можна толькі адзін варыянт гімну! Адрас, на які дасылаць: Міністэрства культуры, пр.Машэрава, 11, Менск. На канвэрце трэба пазначыць “на конкурс” і напісаць Ваш дэвіз.
Старшыня ТБМ А.Трусаў мяркуе, што чым больш людзей прапануюць для конкурсу “Магутны Божа”, “Пагоню”, “Не загаснуць зоркі ў небе” ці “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, тым болей шанцаў, што адзін зь іх будзе прыняты.
Мае віленскія Каляды
Мне пашанцавала. Сёлета Каляды я сустракаў у Паўночнай Сталіцы: на некалькі сьвяточных дзён гасьцінна прыняла адна віленская сям’я. Я даўно марыў пахадзіць па вулках места, якое павінна быць сапраўднай сталіцай Беларусі.
На здымках і малюнках Вострая Брама мне чамусьці не падабалася. Хацелася нечага больш велічнага, больш урачыстага. Але калі я ўбачыў яе на свае вочы, быў папросту ўзрушаны! Гэтая брама нібы вядзе падарожніка з сучаcнага ў мінулае. Дарма што цяпер яна ў цэнтры места. Вострая Брама дагэтуль выконвае свае непасрэдныя функцыі. Яна злучае два розныя сьветы. Праходзячы празь яе, трапляеш з шырокіх вуліцаў новай Вільні ў лябірынты старога места. На ёй знаходзіцца сьвятыня ўсіх хрысьціянаў Беларусі — абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Менавіта невялічкую копію абраза Божай Маці, аздоблены бурштынам, я выбраў сабе на памяць сярод шматлікіх пекных віленскіх сувэніраў. Шпацыруючы па вулках Паўночнай Сталіцы, немагчыма не завітаць хаця б у адзін касьцёл. Кожны мае нешта асаблівае. Адзін уражвае ляпнінай, другі – фрэскамі, статуяй Панны Марыі ці жырандоляй у выглядзе старога карабля зь ветразем. І ў кожным непаўторныя ясьлі — кампазыцыі на тэму Божага Нараджэньня. У старым Бэрнардынскім касьцёле, што прыляпіўся да касьцёла Сьвятой Ганны, чакала неспа-дзяванка. На ўваходзе каля ясьляў стаялі жывыя восьлік ды авечка з малымі ягнятамі. Такое маглі зрабіць толькі віленчукі. Усе наведнікі былі ў захапленьні.
Дарэчы, у Вільні расейская мова гучыць на вуліцах места ня менш, чым летувіская. Трохі радзей можна пачуць польскую мову. А на маю беларускую мову амаль усе, да каго я зьвяртаўся, спрабавалі адказваць мне на польскай, часьцей за ўсё вельмі кепскай, пераходзячы потым на звыклую расейскую. Наагул віленскія гандляры адкажуць табе хоць на якой мове, абы купіў у іх што.
Вільнюс мусу – Летува Русу, што азначае: Вільня наша – Літва расейская. Так казалі літоўцы пасьля далучэньня свайго краю да СССР. За такі падарунак, як Вільня, яны папросту мусілі нечым ахвярваць, нават сваёй свабодай, тым больш што часова.
Пасьля вяртаньня дахаты падумалася, што трэба пазычыць у літоўцаў адно слова. Дакладней, вярнуць ва ўжытак сваё, беларускае. Bažničia – па-нашаму бажніца. І ўжываць яго трэба замест слоў “касьцёл” ды “царква”.
Яўген Са-чук, Пінск
Каментары