Грамадства1313

«Беларусь для мяне — краіна-казка». Рэпартаж з Сібіры

Калі ехаць да Іркуцка з Мінска на цягніку, дарога зойме чацвёра сутак. Розніца ў часе паміж гарадамі — 6 гадзін. Але гэта не перашкаджае мне чуць і бачыць тут, ва Ўсходняй Сібіры, нашую мову і культуру.

Карэспандэнт «Салідарнасці» наведаў Іркуцкую вобласць, дзе набірае моц беларускае адраджэнне.

«Открыла журнал и была шокирована – все фамилии на «ич»! Я говорю: кто они такие?!»

Аляксандр Лаўшук, кіраўнік Андрушынскага муніцыпалітэта, вязе мяне на аўтамабілі па вузкай грунтовай дарозе. Пад яго кіраўніцтвам чатыры вёскі, у тым ліку Андрушына і Ключы, якія лічацца беларускімі. Да тайгі 50 км. Вакол вада – у Андрушына прыйшоў павадак. Клімат ва Ўсходняй Сібіры рэзка кантынентальны. Пасля доўгай і суворай зімы, калі тэмпература дасягала мінус 45-50 градусаў, вада вясной запаўняе ваколіцы.

– У нас тоже болото. Может потому прадеды выбрали это место для жизни? – адзначае Аляксандр Лаўшук.

Яго продкі былі сярод заснавальнікаў вёскі. Яны прыехалі з Беларусі ў 1905-м. Згодна «Беларускай савецкай энцыклапедыі» з 1896 па 1912 год з Беларусі ў Сібір з-за недахопу зямлі і прыгнечання мігравала каля 700 тысяч чалавек. Яны заснавалі тут шматлікія беларускія вёскі.

У Андрушына, дзе сёння жыве каля 800 чалавек, знаходзіцца адно з 11 афіцыйных аддзяленняў Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК). У мясцовым клубе моладзь і дарослыя спяваюць беларускія песні, шыюць беларускія народныя строі, ладзяць вечарыны.

На чыстай беларускай мове не гаворыць, праўда, ніхто. Але калі настаўнікі ў мясцовай школе расказваюць пра гісторыю вёскі, з лёгкасцю ўзгадваюць беларускія словы, якія чулі ад сваіх бацькоў і дзядуль.

– Хустка, пазуры, лупіны, хата, крыніца, – дапаўняюць яны адзін аднаго.

Беларускія карані вёскі найбольш відавочны выкладчыку рускай мовы Лідзіі Ільінічне.

– Я в 1973 году сюда приехала. Пришла в школу, открыла журнал и была шокирована – все фамилии на «ич»! Я говорю: кто они такие?! И так в каждом журнале!

Лідзія Ільінічна выйшла замуж за мясцовага беларуса Грыцэвіча.

Як Гродня з Віцебскам біліся

Гісторык Святлана Ліхушка, чыйго дзеда маленькім прывезлі ў Андрушына з Беларусі ў 1896-м, пералічвае прозвішчы першых пасяленцаў: Макарэвіч, Вахновіч, Грышкевіч, Сарока, Грыцэвіч, Валько і г.д.

Многія з іх нашчадаў дагэтуль жывуць у хатах, што былі збудаваныя сто гадоў таму. Як напрыклад 85-гадовы Фёдар Аляксеевіч Хілюдка.

– Гродзенска губерня, Пружанскі ўезд, сяло Есавічы, – без запінкі дакладае ён пра месца нараджэння бацькоў. Размаўляе Фёдар Аляксеевіч, як сказалі б у Беларусі, на трасянцы. Хоць на радзіме бацькоў ніколі не быў. Але ў 1975-м падчас адпачынку ў Ялце пашэнціла яму сустрэць землякоў таты.

– Разгаварылісь з імі. Фамілія мая знакома? Знакома. Сказалі: вашых старыкоў, отца ўсадзьба ў Беларусі сахранілась, – узгадвае Фёдар Хілюдка.

У гэта цяжка паверыць, але сібірская вёска Андрушына амаль стагоддзе дзялілася на «Гродню» і «Віцебск» («віцебцаў»). Справа ў тым, што яе засялілі жыхары дзвюх губерніяў – як нецяжка здагадацца, Віцебскай і Гродзенскай. Падзел не быў выключна сімвалічным. Мясцовыя беларусы супернічалі і ладзілі бойкі.

– Морды білі, – падцвярджае 82-гадовы Аляксей Міхайлавіч Ляўчук. – Без нажэй, але часам з палкамі былі.

Сам ён з «Гродні». Паказвае рукой: вось там, за клубам, Віцебск пачынаўся. Падзел вёскі захоўваўся нават у 80-я.

– Сколько помню, у нас на Ивана Купалу два костра было. Мы делали с 6-го на 7-е, а они с 7-го на 8-е. Соперничали, чей костер будет выше и больше, – узгадвае дырэктар мясцовага клуба і старшыня аддзялення таварыства беларускай культуры Ніна Велісевіч.

У клуб ходзяць каля 25 чалавек. Асноўны іх занятак – аднаўленне беларускай культуры. Існуе фальклёрны ансамбль, вучаць беларускія вершы і танцы, аднавілі традцыю правядзення Купалля.

– У нас это уже смысл жизни. С гордостью отмечаем в районе, что мы – белорусы, – распавядае Ніна Велісевіч. – Мечта всех наших детей – побывать в Беларуси. Я хотела бы побывать в Гродненской области, узнать историю своего рода.

Нашу размову прыпыняе званок яе дачкі-студэнткі з Іркуцка: просіць прывезці на выходных бульбы.

Нашыя ў горадзе

Іду па галоўнаму будынку Іркуцкага рэгіёна – адміністрацыі вобласці. Па тэрыторыі рэгіён большы за Беларусь амаль ў 4 (!) разы. Але жыве ў ім толькі каля 2,5 мільёнаў чалавек.

Вакол праходзяць чыноўнікі ў гарнітурах і гальштуках, але наперадзе высокі мужчына ў белай саколцы з чырвоным надпісам на спіне – «Беларусы Прыбайкалля». Яго імя мясцовыя чыноўнікі пішуць на беларускі манер – праз «а». Ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У яго нават шкарпэткі з Беларусі. З Алегам Рудаковым вітаецца кожны другі.

Беларускае адраджэнне пачалося ў вобласці пасля таго, як ён заснаваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Вайсковец, што нарадзіўся на Полаччыне, стварыў арганізацыю ў 1996 годзе.

Гэта Алег Рудакоў з сябрамі зараджаў беларушчынай Андрушына і іншыя населеныя пункты. Схема была адпрацаваная наступная.

Сябры таварыства даведваліся дакладна, ці ёсць у мясцовасці нашчадкі перасяленцаў-беларусаў. Калі інфармацыя падцвярджалася, то спачатку ехалі ўдвох-утрох у этнаграфічную экспедыцыю, размаўлялі з бабулямі і дзядулямі, збіралі матэрыял па заснаванню вёскі, адкуль перасяляліся, што захавалі. Потым заходзілі ў бібліятэку, клуб, школу і распавядалі мясцовым пра іх жа вёскі, іх продкаў, і тут жа прапаноўвалі даставіць творчы дэсант з Іркуцка на бліжэйшае вясковае свята. Падчас вечарыны вучылі мясцовых беларускім танцам і песням. Тыя ў захапленні стваралі суполку ІТБК.

Чутно пра таварыства ў Сібіры ўсё гучней і гучней. Тэлебачанне рэгулярна робіць рэпартажы з беларускіх святаў, гарадская адміністрацыя два гады запар прызнавала ІТБК лепшым нацыянальна-культурным цэнтрам Іркуцка.

Вядомасць таварыства аднойчы прывяла да кур’ёзу. Калі грамадзяніна Беларусі па нейкай прычыне не прапусцілі ў суседнюю Манголію памежнікі, ён у пошуках беларускіх дыпламатаў звярнуўся ў даведку іркуцкага вакзала. Не доўга думаючы, яго накіравалі ў ІТБК.
Прыйшоўшы ў офіс таварыства, беларус, здаецца, вырашыў, што на Радзіме паспела змяніцца ўлада – ІТБК выкарыстоўвае ў сваёй сімволіцы бел-чырвона-белы сцяг…

Каля гардэробу абласной адміністрацыі да Алега Рудакова падыходзіць невысокая жанчына. Просіць дапамагчы знайсці гісторыю яе беларускага роду. Галіна Аляксандраўна Манух (у дзявоцтве Сінькевіч) аказваецца важным чыноўнікам – кіраўніком гарадскога пасёлка Куйтун.

Яе тата разам з бацькамі прыехаў у Сібір з Віцебскай вобласці ў 1936 годзе. Выйшла замуж Галіна Сінькевіч таксама за беларуса. Яго дзед трапіў у Сібір ў пачатку XX стагоддзя падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы. Іронія лёсу беларускіх перасяленцаў: ехалі за зямлёй, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былі раскулачаныя.

Паўстанне «Крывічоў»

Алег Рудакоў займаецца бізнесам і нясе на сабе асноўны фінансавы цяжар утрымання таварыства. Мясцовай дыяспары беларускія ўлады не дапамагаюць. У цэнтры Іркуцка ІТБК арэндуе прыватны дом, дзе размяшчаецца музей-майстэрня «Беларуская хата».

Унутры будынка – вялікая мапа Беларусі. Вакол шматлікія паліцы з кнігамі – ад зборнікаў беларускіх песень да біяграфіі Машэрава. На сталах – вырабы з саломкі і ільну.

Частку з іх сваімі рукамі зрабіла Воля Галанава, якая ўзначальвае моладзевае аб’яднанне «Крывічы».

Воля трапіла ў таварыства ў 2003 годзе, калі прыехала вучыцца ў Іркуцк з вобласці. Падчас пошуку падпрацоўкі выпадкова натыкнулася на офіс ІТБК. Размова з Алегам Рудаковым не прайшла дарма. Этнічная беларуска (яе продкі як кулакі трапілі сюды ў 1936-м) дасканала вывучыла мову, заснавала гурт аўтэнтычнай песні «Крывічы». Зараз у яе аб’яднанні налічваецца 24 сябры, якія займаюца рамёствамі, ладзяць літаратурна-гістарычныя вечарыны і абрадавыя святы.

– Ачмурэць! – кажа Воля, калі даведваецца, што ад «Крывічаў» на З’езд беларусаў свету запрошаныя аж чатыры чалавекі. Ёсць у яе лексіконе і яшчэ адно слова, якое рэдка сустрэнеш у Беларусі: шасніца. Гэта значыць субота, шосты дзень у тыдні.

– Я беларуска і жадаю, каб вакол мяне было беларускае асяроддзе. Жадаю, каб мой народ жыў. Калі загіне беларуская культура – загіне і народ, – расказвае пра матывы сваёй актыўнай дзейнасці Воля, якая па асноўнай працы працуе педагогам-псіхолагам.
– Разумею: тое, што я раблю, – мала. Гэта амаль што нічога. Але веру, што гэта нешта дасць, што нехта пажадае далучыцца, нешта зрабіць для беларускага руху ў Прыбайкаллі. У кожным горадзе і вёсцы нашай вобласці цяжка не знайсці беларусаў. Іх шмат, іншая справа, што не ўсе яны жадаюць актыўна сябе паводзіць у накірунку адраджэння беларускасці.

Воля Галанава з захапленнем узгадвае свой першы візіт у Беларусь.

– Першыя мае ўспаміны: цягнік ехаў у Мінскай вобласці і я ўбачыла два дрэвы з вялікімі яблыкамі! Да гэтага я ніколі не бачыла яблыкаў на дрэве! У нас занадта жорсткі клімат для іх – зімой да 50 градусаў марозу. Я і зараз бачу гэтую карціну перад вачыма. У той момант яшчэ больш упэўнілася, што Беларусь – гэта краіна-казка, – дзеліцца эмоцыямі Воля. – Здзівіла тады, як шмат птушак у Беларусі. Лётаюць, ходзяць у полі. І не баяцца людзей! Упершыню пабачыла бусла.

Лёсы сібірскіх беларусаў

З’езд Іркукага таварыства беларускай культуры праходзіць у новым будынку абласной навуковай бібліятэкі. Алег Рудакоў і Воля Галанава з гуртом «Крывічы» вылучаюцца сярод астатніх – яны ў народных строях. Галоўнай падзеяй з’езду становяцца выбары новага старшыні: Алега Рудакова змяніла Алена Сіпакова.

Знаёмлюся з сябрамі таварыства. Лёсы іх не падобныя адзін да аднаго. Вось у сярэдніх шэрагах сталы мужчына. Гэта фотамастак Генадзь Курловіч і, між іншым, дзядзька экс-міністра МУС Беларусі Уладзіміра Навумава. Ён трапіў у Іркуцкую вобласць з родных Стаўбцоў транзітам праз Ленінградскі інстытут кінаінжынераў. Планаваў з жонкай з’ехаць праз некалькі гадоў працы, але жыццё і прыгажосць Байкала (ён добра адлюстраваны ў іх працах) прымусілі сям’ю застацца.

Адзін з самых актыўных на з’ездзе – Аляксей Максімавіч Церахаў, высокі зграбны мужчына ў гарнітуры са значком «Пагоня». Яго абіраюць намеснікам старшыні ІТБК. Праз некалькі гадзін размаўляем у яго вялікай трохпакаёвай кватэры ў наменклатурным доме з выглядам на помнік Леніну.
Некалькі гадоў таму Аляксей Максімавіч выйшаў на пенсію з пасады начальніка міграцыйнай службы Іркуцкай вобласці. Яго і бабуля, і дзед прыехалі ў Сібір падчас Сталыпінскай рэформы.

– Хорошо помню, что мама и бабушка говорили по-белорусски. Бабушка научила меня чистой мове– еще без реформы 30-х, – распавядае ён. – Но в 5-м классе я пошел в школу в соседнюю деревню, там меня критиковали капитально. Ассимилировали, в общем. Вновь я стал белорусом благодаря Олегу Васильевичу Рудакову.

Аляксей Церахаў настолькі захапіўся вывучэннем сваіх каранёў, што тры гады таму ўпершыню з’ездзіў на радзіму бабулі ў Маладзечанскі раён, дзе сустрэўся са сваёй цёткай. Паставіў памятны крыж ў вёсцы, якая ўжо вымерла.

Зусім іншая гісторыя ў Валера Казака, які жыве на іншы бок ракі Ангара, якая падзяляе Іркуцк на дзве часткі. На вячэру да сваёй сям’і Валер выходзіць у майцы з надпісам «Будзьма беларусамі» і гадзіннікам з «Пагоняй».

Ён родам з Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. З 1990 года служыў у Іркуцку, пакуль два гады таму не атрымаў новую кватэру і не сышоў на пенсію.

— Приятно встретить земляка! – радуецца Валер.

Пакуль яго жонка гатуе нам бульбу, галава сям’і ставіць на стол чаркі з надпісам «бульбаш». Прызнаецца, што нават пражыўшы тут палову жыцця і ажаніўшыся з мясцовай, па-ранейшаму адчувае сябе беларусам.

Да нараджэння дачкі, якой зараз чатыры гады, Валер рэгулярна адпачываў на малой радзіме. Аднойчы прыйшлося перавозіць у Баранавічы і цела патанулага сябра-вайскоўца. Зараз навіны з Беларусі атрымоўвае, у тым ліку, праз інтэрнет. Заходзіць на сайт budzma.org. З апошняга ўражаны гумарыстычным расповедам Лявона Вольскага пра вайну з крыжакамі.

Беларуская Атлантыда

Па дадзеных апошняга расійскага перапісу ў Іркуцкай вобласці жыве каля 14 тысяч беларусаў. Алег Рудакоў гэтую лічбу ўсур’ёз не ўспрымае. Прыводзіць прыклад вёскі Тургенеўка Баяндаеўскага раёна, дзе ледзь не самае моцнае і масавае аддзяленне таварыства і дзе школьнікі вучаць беларускую мову. Дык вось згодна афіцыйным лічбам ва ўсім Баяндаеўскім раёне беларусамі запісалася толькі 9 чалавек.

– Перапісчыкі як працуюць? Прыходзяць у сельсавет, бяруць іхныя дадзеныя і запісваюць усіх рускімі, – упэўнены Алег Рудакоў.

На яго думку, рэальная лічба беларусаў у разы большая. Праблема ў тым, што многія ў 3-4 пакаленні ўжо не ўсведамляюць сябе імі. Логіка ў іх прыкладна такая: «так, сваякі мае беларусы, прозвішча ў мяне Лашкевіч, але ж мая маці ўжо тут нарадзілася, таму я руская».

Пакінуўшы пасаду старшыні таварыства, Алег Рудакоў збіраецца засяродзіцца на навуковай працы.

– На поўначы вобласці нічога не вывучана, – тлумачыць ён. – Мне расказвалі, што ў Брацкім раёне (800 км ад Іркуцка) ёсць вёскі ўтвораныя беларусамі. Так што перада мною непачаты край працы.
Колькі працэнтаў беларусаў я знайшоў на сёння у Іркуцкай вобласці? Думаю, не больш за 5%.

У кабінеце Алега Рудакова ў «Беларускай хаце» ляжыць вітальнае слова кіраўніцтва ЗБС «Бацькаўшчына» удзельнікам апошняга з’езда ІТБК. Галоўны сэнс паслання: вы даеце прыклад беларусам, што жывуць у Беларусі.

Мінск – Іркуцкая вобласць

Каментары13

Цяпер чытаюць

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі2

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Святлана Ціханоўская сустрэлася з легендарным украінскім футбалістам Андрэем Шаўчэнкам2

Бразільскі экстрэмал з'ехаў на скейце з вышыні 22‑га паверха ВІДЭА6

Насельніцтва Мінска не расце, але паглядзіце, як прыбавілася колькасць жыхароў у Новай Баравой і іншым прыгарадзе5

ЗША анулююць візу прэзідэнту Калумбіі. Ён зараз у Нью-Ёрку1

«У капцюрох ГПУ». Стагоддзе небяспечнай наіўнасці і дарэмных мараў беларускай эміграцыі34

Навукоўцы высветлілі, чаму некаторыя людзі ніколі не займаюцца сэксам5

Лукашэнка назваў сябе трампістам21

Назвалі прычыну аварыі грузавога цягніка на Смаленшчыне3

Рыбак на Мінскім моры злавіў двух здаравезных самоў. Адзін важыў 70 кілаграмаў, другі — крыху менш2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі2

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць