У Маларыцкім раёне 14-гадовы школьнік на пажары выратаваў дзвюх сваіх маленькіх сястрычак
У вёсцы Макраны ноччу 11 лютага ў доме здарыўся пажар. У гэты час у доме знаходзіліся дзеці: сястрычкі Паліна і Ева і іх старэйшы брат 14 гадоў. Хлопец разбіў акно і вынес сясцёр на вуліцу, піша Zerkalo.io.

Пра гэта ў сябе ў Фэйсбуку распавёў старшыня Маларыцкага райвыканкама Міхаіл Бацэнка.
«Сёння ноччу пад раніцу ў Макранах загарэўся дом. Мама і тата ў гэты час знаходзіліся на працы (яны працуюць жывёлаводамі). У доме засталіся трое дзяцей. Адбыўся пажар. Спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, разбудзіў дзяцей. 14-гадовы Багдан разбіў шклопакет і выратаваў сястрычак. Цяпер Багдан са старэйшай сястрой знаходзяцца ў бальніцы», — распавёў кіраўнік райвыканкама і паабяцаў, што возьме пад асабісты кантроль дапамогу сям'і.
Багдан вынес трохгадовую Еву і шасцігадовую Паліну. Калі разбіў акно, ён парэзаў рукі, і цяпер знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні.
Адведаць хлопца і сказаць яму словы падзякі прыйшлі старшыня Маларыцкага райвыканкама Міхаіл Бацэнка і дырэктар ААТ «Макраны» Сяргей Сцепанюк. Чыноўнікі ўручылі хлопчыку падарунак — ноўтбук.
Каментары