19 сьнежня быў арыштаваны брат Вячаслава Сіўчыка навуковец Кастусь Лукашоў. Праз два месяцы адбыўся судовы працэс.
19 сьнежня быў арыштаваны брат Вячаслава Сіўчыка навуковец Кастусь Лукашоў. Праз два месяцы адбыўся судовы працэс.
Пакута 1: Маці і сын
15 лютага распачаўся працэс. Кастусь Лукашоў у турэмнае клетцы. Ён моцна кашляе, вочы блішчаць ад нядосыпу й прастуды. Але ягоны голас гучнейшы за галасы пракурора й судзьдзі.
Лукашоў цалкам адмаўляе абвінавачаньне, што штурхаў міліцыянтаў і наехаў на аднаго зь іх машынаю – калі 29 сакавіка забіраў зьбітага брата з больніцы. А само міліцэйскае пасьведчаньне ўпершыню пабачыў толькі падчас арышту.
Маці Кастуся плача – і просіць прабачэньня ў сына. Яна просіць дараваць, што выклікала яго па дапамогу – і цяпер сына судзяць. Галіна Лукашова-Сіўчык распавядзе суду, што вельмі баялася за сына Вячаслава, які трапіў у шпіталь моцна зьбітым.
У больніцы шчыравалі невядомыя, і Галіна Сіўчык кажа, што так і не дазналася ў РАУСах, хто гэтыя людзі. Не даведаецца пра гэта й у шпіталі. Менавіта таму яна пакліча журналістаў і Кастуся, бо як раз невядомыя 23 сакавіка вывезьлі Вячаслава з Плошчы
Звычайна Лукашоў задае пытаньні сьведкам. На гэты раз ён маўчыць. Толькі ягоная маці ўголас рыдае: “Сынуленька! Ты мая апора!...”
Пракурор хавае вочы.
Галіна Сіўчык шкадуе, што падумала: “Каб ты зваліўся!” – на невядомага ў спартовым (цяпер пацярпелага).... А ён і зваліўся, калі даганяў машыну.
Пакута 2: Боль старшога лейтэнанта
Спартовыя кароткастрыжаныя хлопцы ў аднолькавым цёмным адзеньні – побач з заляў паседжаньняў. Гэта пацярпелы міліцыянт з супрацоўнікамі-сябрамі.
Старшы лейтэнант Анатоль Сушчэня распавядае, што з калегаю прыехаў у больніцу забраць Вячаслава Сіўчыка. Што выклікаў для гэтага дапамогу – бо быў вялізны натоўп. Але АМОН, на жаль, пад’ехаў да іншага ўваходу.
Нягледзячы на гэта, Сушчэня паказаў пасьведчаньне – і паспрабаваў загад выканаць. Пацярпелы незадаволены, як сьведкі распавядаюць, што Сушчэня, даганяючы машыну, зваліўся ў бруд. Гэтага не было! Сушчэня – спартовец.
Вячаслаў Сіўчык кажа, што спартовец бег доўга (і гэта пасьля абвешчананага наезду і чэрапна- мазгавой траўмы!).
Старшы лейтэнант засмучаны, калі сьведкі распавядаюць – як пацярпелы вяртаўся.
Без машыны. Безь Сіўчыка. Некаторыя кажуць – у бруднае вопратцы. Засопся. Размаўляе па тэлефоне (адзначылі амаль усе – хаця тэлефон па словах Сушчэні мусіць быць паламаным!)
А два чалавекі ўзгадалі роспачныя словы, кінутыя ці то сабе – ці то сьведкам.
Старшы лейтэнант і ўчастковы Анатоль Сушчэня нядаўна атрымаў чарговую зорачку. Кар’еру распачынаў у СІЗА №1.
Менавіта туды ўвязьнілі Кастуся Лукашова – і ён зьдзіўляўся, чаму канваіры заўсьміхаліся, пачуўшы прозьвішча пацярпелага.
Пацярпелы выказаўся, як пакараць крыўдніка. “З улікам асобы абвінавачанага...” Сушчэня асякаецца – і зусім іншым голасам дадае, што патрабуе максымальнага пакараньня, бо ў ягонай асобе нанесена абраза ўсёй міліцыі і ўладзе, бо ён – твар улады.
3. Пакуты “скутага сумленьня”
Судзьдзя Красоўская абвесьціць прысуд ціхім голасам.
Пракурор Канода чытае матэрыялы сьледзтва, утаропіўшыся ў паперкі, дапытвае сьведкаў, дакранаючыся да свайго твару. Гэта жэсты дыскамфорту й няёмкасьці, унутранага канфлікту – ці, прынамсі, складанай задачы.
Сьведкі распавядаюць, што ня бачылі дакумэнтаў (толькі міліцыянт сказаў пра пасьведчаньні, а сьведка Паўлюк Быкоўскі ўзгадаў нейкія бэджыкі) – але для абвінавачаньня гэта дастатковыя доказы, што былі міліцэйскія дакумэнты.
Абурэньне пракурора выклікала, што галоўныя сьведкі з боку абвінавачаньня – працоўныя-будаўнікі – раптам паказалі, што ня бачылі, ці ня памятаюць – каб падсудны хоць каго-небудзь штурхаў. Але на гэты выпадак ёсьць матэрыялы сьледзтва, дзе (як пад капірку) – запісаны неабходныя паказаньні.
У справе адсутнічаюць паперы пра хоць нейкае дарожна-транспартнае здарэньне (калі адбываецца наезд на чалавека, абавязкова выклікаецца ДАІ). Судова-мэдычны экспэрт не знайшоў у пацярпелага чэрапна-мазгавой траўмы (менавіта з такім дыягназам быў у шпіталі Сіўчык). Нарэшце, аніхто зь сьведкаў ня бачыў і аніякага сутыкненьня. Але абвінавачаньне кажа, што сьведкі блытаюцца – а паказаньням Сушчэні давяраць можна.
Адвакатка пытаецца ў пацярпелага, якую юрыдычную працэдуру той выконваў у шпіталі: арышт ці прывад. Сушчэня губляецца, але падкрэсьлівае, што трэба было выканаць загад. Адвакатка даводзіць, што нават калі б у міліцыянтаў была форма і ўсе належныя дакумэнты – яны не маглі забіраць чалавека на бюлетэні. (Прывад немагчымы, калі чалавек хворы – адпаведна, загад затрымаць – незаконны.)
Дый па заяве Сушчэні справа ўжо аднойчы распачыналася – сама міліцыя яе й спыніла.
Але нечакана заяве быў дадзены ход.
Арышт Кастуся Лукашова прыпаў на дзень народзінаў ягонае маці… “Гэта асабістая помста нашай сям’і, – кажа Кастусь – спроба абмежаваць актыўнасьць”.
Тры выбары
“Я так баялася, што дадуць тры месяцы турмы – добра, што ты на волі!” – абдымае Галіна Сіўчык сына. “У нашай краіне немагчыма прадказаць, чым працэс скончыцца,” – раней казаў Вячаслаў.
Маглі даць і шэсьць гадоў.
На гэтым тле прысуд два гады ўмоўна з адтэрміноўкаю на два гады выглядае ледзьве не падарункам. Два гады ўмоўна – хіба гэта страшна? З улікам магчымай турмы й калёніі?
Наадварот – гэта мяккасьць, гуманізм да асуджанага. Ён на свабодзе. Гэта ўсё, што могуць зрабіць судовыя чыноўнікі на сваіх пасадах. У нашых палітычных умовах.
Усё, што здольна зрабіць наша сыстэма. І сумленьне людзей сыстэмы амаль чыстае.
Але гэта сумленьне скутае. Служыць няпраўдзе ў белых пальчатках. Караць не па-максімуму, зьмякчаць... але караць.
Гэта выбар “скутага сумленьня”.
Але выбар “скутага сумленьня” толькі мераю зла адрозьніваецца ад выбара “па-максымуму”. Прытуліцца да мундзіру, аддацца яму напоўніцу, каб сьцішыць свой боль і свае крыўды. Праўда, почасту здараецца, што мундзір адкідае свае адыёзных слугаў, як непатрэбшчыну. Калі надыходзіць для гэтага зручны час.
І ёсьць шчэ адзін выбар – думаць пра іншых людзей. Але невыносная пакута – боль за самых блізкіх…
У судовым калідоры – шмат людзей. Зінаіда Бандарэнка і Радзім Гарэцкі, акадэмік Вайтовіч, Мілінкевіч зь Інай Кулей – і Ірына Казуліна, Тацяна Клімава і Лябедзька, Барыс Гарэцкі і Зьміцер Хведарук, кінарэжысэр Хашчавацкі. Падтрымаць Кастуся прыехалі аднакляснікі і нат суседзі зь лецішча.
Клясная настаўніца прыехала распавесьці суду, які Кастусь у дзяцінстве быў “адказны й добрасардэчны”, гэта захавалася й дасёньня – і працытавала Біблію.
А мэдсясьцёрка хвалявалася за “беднага хлопчыка, які бег за машынай”, а потым зваліўся ў бруд. “Бедны хлопчык” Сушчэня чырванеў і апускаў вочы. “Дзякуй Богу, што ўсё абышлося!”
Не абышлося.
Кожны зрабіў свой выбар.
Па выбару – і пакута.
Каментары