Намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў пра чарговы факт выкарыстання вайсковых аэрадромаў Беларусі для абстрэлаў украінскай тэрыторыі.

«Прыкметаў фармавання на тэрыторыі Беларусі ўдарных, наступальных груповак не назіраем, але, напрыклад, сёння з аднаго з аэрадромаў Рэспублікі Беларусь праціўнік, Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі, падняў у паветра самалёты і нанёс ракетныя ўдары па тэрыторыі Украіны», — заявіў Аляксей Громаў 9 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.
На просьбу карэспандэнта «Свабоды» ўдакладніць рэгіён абстрэлаў і аэрадромаў ён адказаў:
«1.15 ночы, Жытомірскі рэгіён, ракетны ўдар, крылатая ракета Х59. Два самалёты далучаныя з раёна Мазыра Гомельскай вобласці і аэрадрома «Баранавічы». Два самалёты Су-34 і адзін Су-30».
У той жа час Аляксей Громаў не паведаміў пра наступствы гэтага абстрэлу.
Раней ён заяўляў, што «з тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу «Іскандэр» з мэтай паражэння аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Украіны».
Кіраўнік Жытомірскай вобласці Віталь Бунечка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку удакладніў, што ракета пацэліла ў шматпавярховік у Наваградзе-Валынскім. Пра загінулых ці пацярпелых ён не паведаміў.
На мінулым тыдні кіраўнік Жытомірскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Віталь Бунечка заявіў, што з пачатку расійскага ўварвання з тэрыторыі Беларусі былі акупаваныя 9 населеных пунктаў вобласці, а абстрэлы рэгіёна ажыццяўляліся як з Каспійскага мора, так і вайсковай авіяцыяй, якая дыслакавалася на тэрыторыі Беларусі.
«Мы штодзень нарошчваем абараназдольнасць, і калі нехта захоча зайсці з тэрыторыі Беларусі па зямлі, то мы зладзім такое апраметнае пекла, што ніхто сюды па зямлі дакладна не прыйдзе», — сказаў Віталь Бунечка журналістам падчас сваёй паездкі ў Оўруч.
Каментары