Гісторыя66

Ці магчыма ўратаваць найстарэйшы беларускі некропаль?

Яшчэ напрыканцы 1980-х Гарадзенскія могілкі ўключылі ў спіс спадчыны мясцовага значэння, але ў агульнанацыянальны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, які фармаваўся ў 2000-х гадах, уключыць… забыліся. То бок, на паперы некропаль заставаўся ўсяго толькі нефункцыянуючымі могілкамі.

Так выглядаў каталіцкі сегмент могілак з брукаванкай і дрэвамі

Могілкі — гэта своеасаблівы партрэт цывілізацыі. Гэта не толькі аб’ект, дзе мы пакідаем памерлых, але і месца, важнае для жывых. Беларусь могілкамі перапоўненая: вайсковымі, татарскімі, яўрэйскімі, вясковымі, гарадскімі… Усе яны пра нешта свед­чаць. Яўрэйскія ці татарскія закінутыя, бо гэтых народаў больш няма ў колішняй колькасці. Курганы разрабаваныя. Вясковыя могілкі паміраюць, як памірае вёска. Гарадскія могілкі абласных цэнтраў нагадваюць мегаполісы з безаблічнымі панельнымі дамамі.

«Некропаль» у перакладзе з грэчаскай — «горад мёртвых». Праз такую прызму цікава зірнуць на старыя некропалі, якія месцяцца ў гістарычных цэнтрах Беларусі ды вельмі іх нагадваюць. Магілы — гэта дамы, прычым вельмі розныя: ад бетонных слупкоў да багатых комплексаў са скульптурнымі кампазіцыямі. Сцежкі паміж магіламі — вуліцы, галоўная алея — праспект, капліца — сабор.

Калі так глядзець на могілкі, можна зразумець, што некропалі — гэта люстэркавыя адбіткі нашага жыцця ў розныя часы. Якія могілкі — такое і жыццё. У гэтым сэнсе цікавыя найстарэйшыя беларускія гарадскія некропалі, хоць горад для беларусаў, учорашняй вясковай нацыі, паняцце ўмоўнае: мы толькі пачынаем яго засвойваць. Гродзенскі некропаль — ці не самы паказальны.

Больш за 200 гадоў гісторыі

Гродзенскі некропаль, які таксама згадваюць як Фарныя альбо Старыя могілкі, аб’ядноўвае вялікі комплекс праваслаўных і каталіцкіх могілак. Сёння гэта найстарэйшыя камунальныя могілкі, якія захаваліся ў Беларусі. Чаму камунальныя? Раней могілкі засноўваліся пры цэрквах альбо касцёлах. Але напрыканцы XVIII стагоддзя Сейм Рэчы Паспалітай стварыў інстытуцыі, якія займаліся арганізацыяй агульнагарадскіх — камунальных — пахаванняў.

Менавіта тады, у 1780—1790-х гадах паўсталі ўсе самыя знакамітыя могілкі на тэрыторыі дзяржавы: Павонзкаўскія ў Варшаве, Ракавескія ў Кракаве, а таксама тры найважнейшыя некропалі ва ўсходнім кірунку: Росы ў Вільні, Лычакаўскія ў Львове ды Фарныя ў Гродне. Цікава, што фармальна гродзенскія могілкі яшчэ называліся Фарнымі, як бы парафіяльнымі, але фактычна ўсіх хрысціян з горада незалежна ад парафіі ўжо хавалі тут. Раней жа могілкі атачалі кожны гродзенскі касцёл альбо царкву: Фару Вітаўта, Каложу, Бернардыны і інш.

Так у Гродне з’явіўся найстарэйшы і найбольш цікавы ў мастацкім плане некропаль у Беларусі, які сёння налічвае 215 гадоў. Праваслаўныя могілкі побач узніклі трошку пазней, на пачатку ХІХ стагоддзя. Магчыма, пачатак ім дало пахаванне генерала Ланскога, удзельніка вайны 1812 года, які памёр ад ранаў у 1814-м. Зараз і каталіцкія, і праваслаўныя могілкі ў Гродне на вуліцы Антонава ўтвараюць адзіны масіў.

Багацце стыляў і формаў

Могілкі шыкоўныя, калі паглядзець хаця б на асобаў, тут пахаваных. Узяць, напрыклад, магілу генерала Ланскога, пісьменніцы Элізы Ажэшкі, паэта Міхася Васілька, маці Багдановіча Марыі Мякота… Цікава, што Гродна ніколі не быў багатым горадам, таму мы і не можам убачыць на вуліцах старых будынкаў з маскаронамі альбо атлантамі, якія трымаюць гаўбцы, як у Вільні альбо Львове. Падобнай багатай аздобы ў нас не было. Аднак усё гэта можна ўбачыць… на могілках!

Фарныя могілкі маюць неймавернае багацце стыляў і тэхнікаў выканання. Гэта надмагіллі, зробленыя з пясчаніку, мармуру, вапняку, граніту, адлітыя з чыгуну, каваныя з жалеза, выкананыя ў тэхніцы ліцця, коўкі, разьбы. Гэта помнікі, зробленыя вельмі рознымі майстрамі ў разнастайных месцах, напрыклад, у Кіеве, Калузе, Вільні, Беластоку.

Ёсць некалькі гродзенскіх майстроў, працы якіх зрабілі б гонар любому некропалю Еўропы. Напрыклад, Баляслаў Шышкевіч, які геніяльна апрацоўваў пясчанік, ствараючы фантастычныя формы і скульптуры. У 1860—1870-х па граніту працаваў Юзэф Забароўскі. З гэтага пункту гледжання можна казаць, што нашы могілкі саступаюць Лычакаўскім у Львове, але не саступаюць (а ў мастацкім плане, магчыма, і пераўзыходзяць) Росы ў Вільні.

Мусілі знікнуць, але…

Безумоўна, лёс гэтых могілак — адлюстраванне сітуацыі з гісторыка-культурнай спадчынай у Гродне агулам. У прынцыпе, могілкі пачалі раскрадаць даўно: ёсць сведчанні міжваеннага часу, што адтуль выносілі фрагменты на метал.

За савецкім часам з’явіўся свой каларыт: пакуль жывыя чыноўнікі і партыйцы засялялі пустуючыя камяніцы горада, мёртвыя — перабіраліся ў праваслаўны сегмент могілак на Антонава, ствараючы свой «элітны раён». Гэта былі ўжо не сціплыя стаўпы з зорачкамі, а маштабныя надмагіллі з сімваламі прафесіяў: самалётам для лётчыка, кадуцэем для медыка.

Аднак у 1973 годзе з’явілася рашэнне аб закрыцці некропалю. Гэта значыла, што хаваць там было ўжо забаронена, а праз 25 гадоў, згодна з савецкай практыкай, могілкі аўтаматычна траплялі пад знос. На шчасце, 25-гадовы тэрмін прыпадаў на 1998 год, калі законы СССР ужо не працавалі.

На мяжы 1980—1990-х могілкамі пачалі цікавіцца гісторыкі. Юры Гардзееў, Валер Чарапіца і іншыя напісалі кнігі на тэму. Любоў Зорына яшчэ з канца 1980-х даследавала коўку і ліццё надмагілляў. Пра могілкі пачалі пісаць у прэсе ўжо не як пра «шэрую зону» ў цэнтры горада, але як пра аб’ект спадчыны.

Крыжы здаюць на металалом

Яшчэ напрыканцы 1980-х могілкі ўключылі ў спіс спадчыны мясцовага значэння, але ў агульнанацыянальны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, які фармаваўся ў 2000-х гадах, уключыць… забыліся. То бок, на паперы некропаль заставаўся ўсяго толькі нефункцыянуючымі могілкамі, на якіх нельга хаваць, толькі падхоўваць да старых магілаў.

Апошняя ініцыятыва па ўключэнні могілак у вышэйназваны спіс скончылася фіяска ў 2015—2016 гадах. Пры гэтым, у Беларусі ёсць «маладзейшыя» могілкі, якія ў спіс усё ж такі трапілі, напрыклад, Кальварыйскія ў Мінску альбо Трышынскія ў Брэсце. Нефармальная матывацыя тады гучала прыкладна так: могілкі ў занадта дрэнным стане, каб дадаваць іх у спіс агулам, таму варта ўключаць асобныя пахаванні.

Пры гэтым, за апошнія гады могілкі пачалі руйнавацца ўсё больш імкліва. Нават калі параўнаць стан захаванасці сярэдзіны 2000-х і сучасны, бачныя яскравыя негатыўныя змены. Асабліва гэта тычыцца металічных надмагілляў з чыгуну і жалеза. Іх элементарна крадуць на металалом, ніякіх камераў назірання на могілках няма, ніхто не маніторыць у гэтым святле пункты прыёму металу, ніводная крымінальная справа на гэтай падставе не была заведзеная.

А за што заводзіць? Чыя гэта маёмасць?.. Родныя памерлых 150 гадоў таму гродзенцаў наўрад ці куды звернуцца, а да дзяржавы няма чаго апеляваць — гэта ж не аб’ект спадчыны, прычыненне шкоды якому павінна карацца. Так і атрымліваецца: шэдэўры стогадовай даўніны, паводле закону — усяго толькі зачыненыя могілкі, на якіх больш не хаваюць…

Турыстычны кландайк

Могілкі — гэта месца, напоўненае сэнсамі: гістарычнымі, хрысціянскімі, чалавечымі. Адначасна, гэта месца, дзе можна ладзіць лекцыі па гісторыі сусветнага мастацтва, тлумачачы, што лаўровы вянок сімвалізуе славу, мірт — жалобу, а матылёк — замагільны свет. Тут жа можна распавядаць пра тэхналогіі будаўніцтва стагоддзі таму альбо даследаваць гісторыю фотаздымка: найстарэйшы гродзенскі фотаздымак на могілках датуецца 1870-мі гадамі — ён наўпрост схаваны ў помніку пад шклом.

Могілкі — адзін з самых каштоўных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Гродна. Ніводная польская экскурсія іх не мінае, значная частка літоўскіх і расійскіх — завітвае таксама. Кожны месяц праз іх праходзяць сотні лю­дзей. Дык чаму б не акумуляваць некропаль не толькі як частку нацыянальнай памяці, але і як турыстычны капітал?

Кожны год мы нешта губляем…

Што можна зрабіць? Па-першае, каталагізаваць, дасканала вывучыць. Можна нават правесці паралель: сёння ёсць кніжкі, якія апісваюць гістарычны Гродна, горад жывых, літаральна дом за домам, з пазнакай года будаўніцтва, архітэктара, жыхароў, архітэктурнага стылю і іншага. Тое ж можна зрабіць і з горадам мёртвых. Бо кожны год на Фарным некропалі мы нешта страчваем, нават не ведаючы што, і гэта назаўжды сыходзіць у пясок.

Па-другое, распачаць паступовы працэс аднаўлення могілак. Гэта можна было б зрабіць і праз транспамежнае супрацоўніцтва (што зараз робяць львавяне разам з палякамі), і праз абласны бюджэт, і праз ахвяраванні. Варта адзначыць, што камунальныя службы хоць нешта, але робяць: там сёння няма гораў бутэлек, шпрыцаў ды іншага смецця. Пры гэтым, за часамі «губернатарства» Уладзіміра Саўчанкі была знішчаная старая брукоўка, выпілаваныя 100-гадовыя дрэвы…

Так, сухія галіны зараз не падаюць і нічога не ламаюць, але ад каранёў расце падростак, які выварочвае помнікі, знішчаючы іх цалкам. На тых жа віленскіх Росах надалей растуць велічэзныя дрэвы, якія ствараюць дах, пад якім, у ценю, ніякі падростак не расце. У нас жа за год ад старога карэння вырастае малады лясок клёнаў. Калі семя клёна трапляе ў шчылінку пясчанікавага помніка — яно яго разрывае. Але нават гэта ўжо не так істотна.

Адзіны шлях — стварэнне запаведніка

Адзіны пазітыўны шлях для могілак — стварэнне запаведніка і асобнай адміністратыўнай адзінкі, якая б адказвала за іх стан. Так зроблена ў Львове, дзе працуе мемарыяльны запаведнік «Личаківський цвинтар». Такім чынам, патрэбны дырэктар, два навуковыя супрацоўнікі, два рэстаўратары, два ахоўнікі — агулам 6—7 чалавек, не болей.

Першае, што мелі б зрабіць навуковыя супрацоўнікі, — гэта каталагізацыя цягам двух гадоў. Усе кавалкі магілаў і крыжоў варта пранумараваць і вывезці, каб пазней скласці, ведаючы, што да якога пахавання адносіцца. Інакш кавалкі 120-гадовых крыжоў, раскіданыя тут і там, надалей будуць выносіць бамжы ды здаваць на метал…

Пасля — юрыдычнае вызначэнне статусу. Варта замацаваць правілы: касцёл і царква маюць паўнамоцтвы толькі на тэрыторыі сваіх капліцаў, любыя падзахаванні адбываюцца толькі з дазволу дырэктара запаведніка, з ім жа ўзгадняецца знешні выгляд. Наступны этап — прыцягненне сродкаў на рэстаўрацыю: аднавіць 4—5 магілаў за год цалкам рэальна.

Усё гэта дало б шанец праз 20—25 гадоў мець цалкам прыстойны найстарэйшы ў Беларусі некропаль нацыянальнага значэння, які б не саступаў ані Вільні, ані Львову.

Каментары6

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Беларускі форвард польскай «Легіі» Ілля Шкурын не ляціць на матч у Казахстан праз небяспеку быць затрыманым5

Беларускі форвард польскай «Легіі» Ілля Шкурын не ляціць на матч у Казахстан праз небяспеку быць затрыманым

Усе навіны →
Усе навіны

Польская пракуратура пацвярджае, што напад на расійскага апазіцыянера Волкава рабіўся «пад уплывам» Леаніда Неўзліна3

Лукашэнка прыгразіў ураду адказнасцю за «свавольствы» з цэнамі5

Украіна ракетным ударам пакінула расійскую элітную брыгаду марпехаў без камандавання4

Ілан Маск заявіў, што штучны інтэлект ужо сёння разумнейшы за большасць людзей4

Зяленскі прапанаваў узначаліць урад Украіны Юліі Свірыдзенка

Лябедзька пра сына-палітвязня: Гэта не бравада, я гатовы абмяняць сябе на яго12

Лукашэнка праверыў фізпадрыхтоўку генералаў. «Усе паказалі толькі выдатныя вынікі»17

У Краматорску збеглі з-пад украінскага канвою чацвёра расійскіх вайскоўцаў3

На раскопках у Крэўскім замку знайшлі некалькі кукуцяў. Што гэта такое?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускі форвард польскай «Легіі» Ілля Шкурын не ляціць на матч у Казахстан праз небяспеку быць затрыманым5

Беларускі форвард польскай «Легіі» Ілля Шкурын не ляціць на матч у Казахстан праз небяспеку быць затрыманым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць