«Скрасці столькі, колькі ён хоча, з іншых краін складаней». Як у Зімбабвэ пракаментавалі візіт свайго кіраўніка да Лукашэнкі
Днямі візіт у Беларусь зрабіў прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва. Падчас яго былі падпісаныя розныя дамоўленасці аб супрацоўніцтве, у тым ліку і ў галіне аховы здароўя. Беларусь паабяцала дапамагчы Зімбабвэ мадэрнізаваць медыцынскую сістэму: паставіць абсталяванне, лекі і аказаць метадычную падтрымку. Але частка зімбабвійскіх журналістаў і аналітыкаў не падзяляе аптымізму сваіх уладаў і папярэджвае пра магчымыя злоўжыванні і карупцыю, даведалася Reform.news.

Зімбабвійскія СМІ адзначаюць, што іх сістэма аховы здароўя — на мяжы развалу: не хапае фінансавання, абсталяванне састарэлае, медыцынскі персанал дрэнна аплачваецца. ЗША нядаўна спынілі фінансаванне гэтай сферы, што пазбавіла краіну больш чым 500 мільёнаў даляраў дапамогі, якая ішла на барацьбу з інфекцыямі, падтрымку маці і дзяцей, заробкі медыкам і г. д.
На гэтым фоне супрацоўніцтва з Беларуссю выклікае сумневы, бо падобныя праекты ў мінулым ужо суправаджаліся карупцыяй і адсутнасцю празрыстасці. Напрыклад, журналісты нагадваюць, як у Зімбабвэ былі закупленыя дарагія пажарныя машыны з Беларусі — без празрыстых тэндараў, праз прыватныя схемы з удзелам асоб, звязаных з уладамі абедзвюх краін. Такія схемы, як сцвярджаюць аналітыкі, прыносяць карысць палітычнай эліце, а простым людзям застаюцца доўгія абавязкі і пагаршэнне жыцця.
Беларусь, як мяркуецца, можа выдаць крэдыт на рэалізацыю медыцынскіх праектаў у Зімбабвэ, але і гэты крэдыт давядзецца вяртаць. Узамен Беларусь, як лічаць у Зімбабвэ, можа атрымаць новыя правы на распрацоўку радовішчаў золата ці алмазаў. І ўсё гэта, як кажуць мясцовыя каментатары, праходзіць без належнай справаздачнасці і кантролю з боку грамадства.
Некаторыя зімбабвійскія журналісты адкрыта кажуць, што супрацоўніцтва з Беларуссю выбіраецца не таму, што гэта выгадна краіне, а па зусім іншых прычынах:
«Ён не прывязе з Беларусі нічога, чаго нельга было б знайсці ў Паўднёвай Афрыцы, Кітаі ці Еўропе, дзе тавары на самай справе таннейшыя, чым у Беларусі. Адзінае адрозненне — скрасці столькі, колькі ён хоча, з іншых краін складаней!», — заявіў адзін з аўтарытэтных у Зімбабвэ журналістаў.
Яны заклікаюць сачыць за коштам і ўмовамі беларускага праекта, каб ацаніць, ці сапраўды ён служыць народу, ці з’яўляецца яшчэ адным спосабам узбагачэння вузкай групы людзей.
Рыжанкова сустрэлі ў Зімбабвэ з нацыяльным каларытам і аркестрам
Беларускія бізнэсмены прадстаўлялі на міжнароднай канферэнцыі Зімбабвэ
82-гадовы прэзідэнт Зімбабвэ — 70-гадоваму Лукашэнку: На поўначы жыццё людзей прасцейшае, таму яны паміраюць хутчэй
Прэзідэнт Зімбабвэ доўга не мог завесці трактар ад Лукашэнкі ВІДЭА
Лукашэнка хоча зрабіць беларускі гандлёвы хаб у Зімбабвэ. Але гэта не тое месца, «дзе нас не ведаюць»
Каментары